Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку сквэр побач з консульствам Беларусі назвалі імем «Вольнай Беларусі»


Мітынг беларусаў у Беластоку. Архіўнае фота.
Мітынг беларусаў у Беластоку. Архіўнае фота.

Сквэр знаходзіцца на вуліцы Электрычнай, побач з консульствам Беларусі ў Беластоку. Гэтую вуліцу летась назвалі у гонар Вольнай Беларусі, але мясцовыя жыхары дамагліся вяртаньня старой назвы.

29 траўня на паседжаньні гарадзкой рады Беластоку аднагалосна пастанавілі назваць адзін з гарадзкіх сквэраў у гонар Вольнай Беларусі, паведамляе «Белсат». Беларускае пытаньне на разглядзе рады стаяла першым і атрымала станоўчае рашэньне, ніхто ня выступіў супраць.

Сквэр паўстане на вуліцы Электрычнай побач з консульствам Беларусі ў Беластоку. Гэтак мясцовыя ўлады выйшлі са складанай сытуацыі, да якой прывяло рашэньне, прынятае на гарадзкой радзе ў верасьні 2022 году. Частка вуліцы Электрычнай, дзе каля 20 гадоў месьціцца консульства Рэспублікі Беларусь, ад вуліцы Варшаўскай да вуліцы Яна Клемэнса Браніцкага, атрымала назву Вольная Беларусь.

Але, як выявілася, папярэдняй кансультацыйнай працы з жыхарамі вуліцы не правялі. А тыя ўспрынялі навіну нэгатыўна і пачалі зьбіраць подпісы за вяртаньне ранейшай назвы. Беларуская дыяспара спрабавала пераканаць жыхароў не супраціўляцца новай назьве, але марна. Жыхары вуліцы Электрычнай падалі ў суд і выйгралі яго: Ваяводзкі адміністратыўны суд на пачатку сакавіка 2023 году прызнаў рашэньне гарадзкой рады неправамоцным. Кіраўніцтва Беластоку абяцала выйсьці з гэтай сытуацыі. Закладаньне сквэру — цалкам прэрагатыва мясцовай улады:

«Гэта найлепшае выйсьце ў гэтай сытуацыі, якое і так, безумоўна, будзе раздражняць рэжым Лукашэнкі», — напісаў у сваіх сацыяльных сетках намесьнік прэзыдэнта Беластоку Рафал Рудніцкі.

У Беластоку вялікая і моцная беларуская дыяспара, у горадзе жывуць 10 000 беларусаў:

«З 2020 году гарадзкія ўлады Беластоку заўжды выказваюць салідарнасьць зь беларусамі. Шмат разоў на знак салідарнасьці вывешваліся нацыянальныя сьцягі на ратушы і гасьцявым палацы Браніцкіх, адбылося шмат супольных маршаў і мітынгаў супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і супраць дыктатуры рэжыму Лукашэнкі.

Мы выказваем вялікую падзяку гарадзкім уладам Беластоку за іх ініцыятыву зьяўленьня сквэру Вольнай Беларусі. Гэтае рашэньне вельмі важнае для тысяч беларусаў, вымушаных сёньня заставацца за мяжою, ратуючыся ад перасьледу рэжыму Лукашэнкі», — сказаў адзін зь лідэраў беларускай дыяспары Беластоку Ян Абадоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG