Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як унівэрсытэт ператварыўся ў катавальню


Падчас страйку студэнтаў БДУ ў кастрычніку 2020 году
Падчас страйку студэнтаў БДУ ў кастрычніку 2020 году

Калі я вучылася ў школе, майму аднаклясьніку не стварылі дадатковых праблем пасьля таго, як міліцыя затрымала яго на акцыі пратэсту. Ва ўнівэрсытэце ў 2010 годзе выкладчыкі і выкладчыцы падтрымлівалі тых, каму далі 10 і 15 сутак пасьля Плошчы.

А цяпер на юрыдычным факультэце БДУ студэнта вымушаюць запісваць так званае «пакаяльнае відэа», і мы гэтаму нават ня дзівімся. Абураемся, вядома ж, але зьдзіўленьня ўжо няма.

Так, я разумею, што са школай мне ў пэўны момант дужа пашанцавала, і атмасфэра на маім факультэце была вальнейшая, чым шмат дзе яшчэ. Усё ж філязофская адукацыя асацыюецца са свабодай думкі, а не з дысцыплінай і падпарадкаваньнем. Ну, ці асацыявалася, пакуль кіраваць факультэтам ня стаў прапагандыст Гігін.

Цяпер жа ўявіць такія свавольствы немагчыма ні на філязофскім, ні на якім іншым факультэце БДУ і іншых унівэрсытэтаў у Беларусі. І ўсё ж гэта вельмі сымптаматычна, што так званае «пакаяльнае відэа» зьявілася менавіта на юрыдычным факультэце — там, дзе студэнтаў мусяць вучыць міжнароднаму і мясцоваму заканадаўству. Няшмат у краіне лепшых месцаў для дэманстрацыі тэзісу «часам не да законаў». І мала ў якім антуражы такое відэа выглядала б настолькі жахлівым.

Цікава, што ледзь не ў адзін дзень з гэтым відэа зьяўляецца навіна пра тое, што на апошніх званках у школах, «каб апошні званок ня быў азмрочаны, праваахоўнікі забясьпечаць ахову парадку». Але ж наўрад ці ў беларускіх рэаліях хтосьці можа азмрочыць сьвята мацней за людзей у форме. Ну сур’ёзна, больш за іх прысутнасьць мяне б устурбавала хіба што страляніна, але такі паварот сюжэту ў Беларусі дужа малаімаверны. А вось жорсткія затрыманьні за вопратку ці букет не таго колеру — гэта лёгка. Гэта ж тое, на чым апошнія тры гады спэцыялізуецца міліцыя!


Я ня ведаю, у які момант усё пераламілася і ці быў увогуле гэты момант. Можа, беларуская сыстэма адукацыі — як тая жабка ў вадзе на павольным агні — зварылася, не заўважыўшы. Але цяпер і школы, і каледжы, і ўнівэрсытэты найменш цікавяцца ўласна адукацыяй: галоўны акцэнт яны робяць на тым, каб выгадаваць цалкам пакорных і паслухмяных людзей, якія ня будуць задаваць лішніх пытаньняў ці выказваць сваю думку. Гэтыя людзі мусяць толькі падпарадкоўвацца. Моўчкі, імгненна і без сумневаў.

На ўсялякі выпадак да іх трэба прыставіць міліцыянта, каб не забывалі, як сьвяткаваць правільна, і не дазвалялі сабе лішняга. А той, хто ўсё ж стане ў нечым сумнявацца, запіша пазьней так званае «пакаяльнае відэа» проста на фоне ўнівэрсытэцкай сымболікі. Каб у гледачоў не было сумневаў, хто тут улада і хто кіруе катавальняй.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG