Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьніцца, як раптам трапіў у Беларусь і на мяне палюе ГУБАЗіК». Чаму многія беларусы бачаць адзін сон на ўсіх?


Каляж
Каляж

Беларусы, якія вымушана жывуць за мяжой, расказваюць у сацыяльных сетках пра свае сны. Часам гэта кашмары з удзелам АМАП, ГУБАЗіК ці КДБ. Чаму дзясяткі людзей бачаць аднолькавы сон? Пагутарылі з псыхолягам.

«Выправілася ў тур па Эўропе і ледзьве не апынулася ў Сьветлагорску»

Кацярына ўжо два гады вымушана жыве ў Польшчы. Кажа, што часта ёй сьняцца кашмары, зьвязаныя зь Беларусьсю. Па сюжэце сны падобныя, зь невялікімі варыяцыямі: Кацярына незразумелым чынам трапляе ў Беларусь, там прыходзіць адчуваньне страху, пачынае ўцякаць ад міліцыі.

«Я прачынаюся ўначы ад пачуцьця жаху, якое ахапляе мяне ў сьне. Нібыта я нейкім чынам, як пад наркотыкамі, ці што, трапіла ў Беларусь. Там да мяне прыходзіць усьведамленьне, што я зрабіла вялікае глупства. Я пачынаю мітусьліва думаць пра камэры, пра міліцыю, што мяне затрымаюць. Потым па мяне сапраўды прыходзіць ГУБАЗіК, і я спрабую ўцячы ад іх», — кажа беларуска.

Іншыя сны пра Беларусь у яе падобныя.

«Напрыклад, што купіла тур на аўтобусе па Эўропе і спакойна сабе падарожнічаю. І тут гід раптам кажа ў мікрафон, што наступны прыпынак — Сьветлагорск. І ў мяне пачынаецца жах і паніка: як, чаму, я не хачу ў Сьветлагорск, я баюся», — дадала Кацярына.

Дзьмітрый жыве ў Літве. Кажа, што «страшныя сны» пра міліцыю ён бачыў у 2020 годзе. Цяпер эмігрант сьніць Беларусь «абстрактна, як мёртвую шэрую зону, дзе жудасна знаходзіцца».

«Я цяпер працую па мантажы, то насьнілася, што напятасьцю тросаў рэгуляваў сваю дысцыплінаванасьць. Яшчэ мне апошнія восем гадоў сьніцца кашмар, як забудоўваюць маю родную вёску, ці як да яе падпаўзае горад», — падзяліўся беларус.

«Вялі ў турму, але я ад іх зьбегла»

Вольга жыве ў Польшчы і таксама бачыць у снах Беларусь. Кажа, што ў сьне спачатку забывае пра небясьпеку і спакойна ідзе на працу, але потым узгадвае, што трэба тэрмінова зьяжджаць.

«Аднойчы ў сьне мяне злавілі-такі ў Воршы, прывезьлі ў КДБ. Потым павезьлі на нейкім вялікім аўто ці то ў ізалятар, ці то на зону. Прывезьлі, нас было шмат жанчын, і павялі ў зону. Ішлі па сьцежцы, з аднаго боку — кусты, з другога — мур з калючым дротам. Ішлі ланцужком, адна за адной. І я ўсё думала, што можна зьбегчы. І я зьбегла. Мне там нават нейкі міліцыянт дапамог. Прыбегла дахаты, схапіла торбу — і ў Польшчу», — расказала Вольга.

Яўгенія другі год жыве ў Польшчы. Яе сон — раптам апынуцца ў Беларусі, уцякаць адтуль, перасекчы мяжу і ўсьцешыцца, што не злавілі.

«Таксама сьніцца сябар. Ён цяпер у турме, палітвязень. Што мы стаім па розныя бакі вуліцы, а паміж намі — моцная маланка, і проста лупіць разрадамі па асфальце. Але мы зь сябрам сустракаемся, абдымаемся, і дамаўляемся сустрэцца праз тыдзень», — кажа Яўгенія.

«Сьніцца, што схлусіў участковаму, бо абяцаў прыйсьці на прафіляктычную гутарку пра экстрэмізм»

Кастусь жыве ў Польшчы і бачыць Беларусь у снах.

«Нібыта я прыехаў у Беларусь і разумею, што зараз мяне будуць шукаць. Я схаваўся ў хаце ў самым далёкім пакоі, і мяне не знайшлі. Вырашыў уцякаць зь Беларусі сабачымі сьцежкамі, пачаў выбірацца. Сустрэў участковага, абяцаў яму, што прыйду на прафіляктычную гутарку пра экстрэмізм. Схлусіў. Бо разумеў у сьне, што заўтра мяне тут ня будзе», — кажа беларус.

Яму сьніцца, што ён трапіў у Беларусь і праз гэта страціў статус уцекача і таму больш ня зможа выехаць у «вольны сьвет».

Натальля расказала, што прысьніла кашмар з удзелам Лукашэнкі. «Я падышла да яго і папрасіла аўтограф, прычым зь нянавісьцю. Ён узяў маю паштоўку і напісаў: „Гюльчатай, открой личико“, і яшчэ адрас гатэля і час, калі ён будзе мяне там чакаць. Я амаль званітавала, мне і цяпер блага ад такога сну», — падзялілася беларуска.

«Трэба ісьці да спэцыяліста, працаваць са сваёй трывогай і страхам»

Псыхоляг Вольга зазначае, што абсалютна аднолькавых сноў людзі ня бачаць, проста сюжэт у іх аднолькавы. Яна кажа, што такія сны — прыкметы посттраўматычнага разладу.

«Калі паразмаўляць з кожным паасобку і спытацца пра дэталі, то ў кожнага будзе свой сон. Проста сюжэтная лінія аднолькавая. Незразумелым чынам чалавек трапляе ў Беларусь і зазнае перасьлед. Шмат людзей зьехала зь Беларусі менавіта таму, што яны зазналі там перасьлед, яны ня хочуць і баяцца апынуцца ў турме. Такіх людзей шмат, з аднолькавай прычынай выезду. І, адпаведна, у іх аднолькавы страх», — кажа псыхоляг.

Яна нагадвае, што шмат людзей удзельнічала ў пратэстах у 2020 годзе, і ўсе яны перажывалі адзін і той жа сцэнар. Адпаведна, можа быць аднолькавы сцэнар у снах.

«Бо многія баяцца апынуцца ў турме. У Беларусі было такое, што праз Рамана Пратасевіча спынілі самалёт. Адпаведна, многія людзі маглі б пачаць баяцца лятаць самалётамі ці бачаць сны, што яны ляцяць і самалёт садзяць у Беларусі. Людзі баяцца быць спыненымі на мяжы, затрыманымі. Такі ва ўсіх аднолькавы страх. Адпаведна і сны. Але гэта не адзін псыхоз на ўсіх», — лічыць Вольга.

Яна раіць працаваць са спэцыялістам, псыхолягам, разьбіраць свае страхі і трывогі і вучыцца жыць далей. «Тут усё індывідуальна. І тэрапія павінна быць асабістая», — дадала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG