Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне балюча, што я тут, а яны — там». Як былыя палітвязьні за мяжой спрабуюць пазбавіцца ад «віны за тое, што выжылі»


Былая палітзьняволеная Наста Кухарава
Былая палітзьняволеная Наста Кухарава

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі сёньня больш за паўтары тысячы палітвязьняў. Хоць рэальная лічба, кажа блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, — мінімум утрая больш.

На палітвязьняў у турмах і калёніях аказваюць узмоцнены ціск: іх пазбаўляюць перадач, мэдыцынскай дапамогі, увесь час зьмяшчаюць у штрафныя ізалятары. На некаторых у турмах і калёніях заводзяць новыя крымінальныя справы, што павялічвае іх тэрмін за кратамі.

Калі былыя палітвязьні выходзяць на волю, пасьля вызваленьня ім, акрамя маральнай падтрымкі, часта трэба аднавіць здароўе, знайсьці працу і жыльлё — асабліва за мяжой. Як аднаўляюцца былыя беларускія палітвязьні ў Літве? Рэпартаж Настоящего времени.

Зьміцер Максімчык — былы беларускі палітвязень, а цяпер выкладчык: у Вільні ён заснаваў школу маркетынгу для падлеткаў зь Беларусі і Ўкраіны. Узгадваць турэмны досьвед ён лішні раз не жадае. На радзіме мужчыну затрымалі за фатаграфію ў сацсетках на адным з пратэстных маршаў і прыгаварылі да трох гадоў «хіміі» ( пакараньне ў выглядзе абавязковых работ на будоўлях і шкодных вытворчасьцях, у Беларусі сёньня 29 устаноў такога тыпу).

Зь «хіміі» Зьміцер змог уцячы: каб аказацца на волі, ён некалькі месяцаў таму пераплыў раку на мяжы з Літвой.

«Да нас, палітвязьняў, больш прадузятае стаўленьне. На другі дзень мяне разам з іншымі хлопцамі перавялі ў карцэр, — расказвае Максімчык. — Натуральна, там не было нічога: ні стала, ні крэсла, натуральна, ні ложкаў. Мы спалі на падлозе, простай бэтоннай падлозе. Падсьцілалі майкі, кашулі, каб на іх легчы».

За ўдзел у пратэстах да «хіміі» суд у Менску прыгаварыў і псыхоляга Насту Кухараву. Сілавікі затрымалі дзяўчыну на менскім вакзале, адвезьлі ў пастарунак і там зьбілі.

«Літаральна адразу схапіў мяне за валасы і пачаў галавой біць аб сьцяну. У мяне на той момант была калясальная гістэрыка, я пачала плакаць, — успамінае Наста Кухарава. — Для мяне гэта было ня тое што немагчымым, а проста мне здавалася, што гэта можа быць, але не са мной».

На Акрэсьціна Наста і яе сукамэрніцы, па сутнасьці, апынуліся ў катавальных умовах: ім не давалі спаць, не перадавалі прадметы асабістай гігіены. Разам у розных ізалятарах менчанка правяла больш за пяць месяцаў, пасьля чаго ўсё ж такі змагла выехаць з Беларусі. Аднавіцца пасьля зьняволеньня цалкам, кажа Наста, у яе пакуль не атрымалася.

«Мне было важна не казаць пра СІЗА. Калі я казала пра СІЗА, я як быццам вярталася туды флэшбэкамі. І я ўвесь час плакала, — тлумачыць Наста Кухарава. — Таму што я разумела, што людзі, зь якімі я сядзела, — яны ўсё яшчэ там. Яны там сядзяць: адна дзяўчынка, другая, трэцяя. Усё, з кім я была, — яны там. І мне было вельмі балюча, што я, атрымліваецца, тут, а яны — там».

Псыхоляг Натальля Скібская пацьвярджае, што, апынуўшыся на волі, былыя палітвязьні нярэдка сутыкаюцца з пачуцьцём віны перад тымі, хто застаецца ў турмах. Яна называе такое пачуцьцё «віной таго, хто выжыў».

«Чалавеку мала проста разумець, што гэта ня ён пасадзіў тых, іншых людзей, ня ён там кагосьці зьбівае, ня ён творыць несправядлівасьць, — кажа Натальля Скібская. — Але яму трэба яшчэ сябе дараваць за тое, што ён змог выйсьці, паклапаціцца пра сябе, сысьці ад небясьпечнай сытуацыі і даць выйсьці сваёй крыўдзе... Гэтыя эмоцыі трэба накіраваць менавіта на тых, зь кім ты жадаеш змагацца».

Зьміцер Максімчык, які таксама асвойваецца ў Вільні, кажа, што яму псыхалягічная рэабілітацыя далася адносна лёгка. Але так шанцуе далёка ня ўсім.

«У маім выпадку гэта адбылося лёгка за кошт таго, што кола зносін, камунікацыі мне дазволілі па мінімуму ўспамінаць вось гэта ўсё нанова, — тлумачыць ён. — Хоць, вядома, у любой кампаніі ў мяне тут вельмі шмат знаёмых, якія ўцяклі зь Беларусі, якія прайшлі катаваньні. І зразумела, што, калі мы зьбіраемся з імі на нейкае чаяваньне, мы заўсёды закранаем гэтыя пытаньні».

«На сёньняшні момант, на мой погляд, самая ўразьлівая група — гэта ў першую чаргу сваякі палітвязьняў, — кажа былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, які цяпер жыве ў Варшаве. — Таму што пакуль ты сам знаходзісься ў турме, у калёніі, ты там апрануты, абуты, неяк там сьпіш. Табе дапамагаюць неяк у лягеры іншыя людзі і г. д. А на тваіх сваякоў з боку ўладаў у Беларусі ў гэты час ідзе пастаянны ціск: іх звальняюць з працы, часта сям’я застаецца без карміцеля».

Шмат якія былыя беларускія палітвязьні падкрэсьліваюць, што пасьля вызваленыя чалавеку, акрамя маральнай падтрымкі, трэба дапамагчы аднавіць здароўе, знайсьці працу і жыльлё. Асабліва тым, хто быў вымушаны зьехаць за мяжу. Падтрымка родных арыштаваных у гэтых умовах, кажа Настасься Кухарава, таксама вельмі важная.

«Адзін з фондаў дапамогі палітвязьням прыйшоў да маёй бабулі раптоўна: ніхто гэтага не плянаваў. Яны проста сказалі: сёньня 8 сакавіка, ваша дачка палітвязень, гэта вам прадуктовы кошык, — распавядае Настасься Кухарава. — Дзякуй богу, што ёсьць увага да сваякоў палітвязьняў!»

Натальля Скібская тлумачыць, што найперш тым, хто выйшаў на волю, неабходна аднавіць здароўе і працаздольнасьць. Для гэтага ня варта замыкацца ў сабе і спадзявацца толькі на сябе: трэба зьвяртацца па дапамогу да іншых людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG