Праваслаўная царква Ўкраіны з 1 верасьня пераходзіць на новаюльянскі каляндар. Што зьменіцца

Кіраўнік ПЦУ мітрапаліт Епіфаній у часе богаслужэньня. Архіўнае фота
Кіраўнік ПЦУ мітрапаліт Епіфаній у часе богаслужэньня. Архіўнае фота

Пры гэтым сьвятары вырашылі, што парафіі і манастыры маюць права пры жаданьні выкарыстоўваць стары каляндар.

Архіярэйскі сабор памеснай Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ) ухваліў рашэньне аб пераходзе з 1 верасьня на новаюльянскі каляндар.

«Гэта рашэньне, якога чакае ад нас і большасьць вернікаў, і большасьць украінскага грамадзтва. Гэтае рашэньне няпростае, мы ішлі да яго доўга, паступова, крок за крокам, і робім яго ўзважана», — заявіў кіраўнік ПЦУ мітрапаліт Епіфаній.

Такім чынам, з новага царкоўнага году, які пачынаецца 1 верасьня 2023 году, большасьць украінскіх хрысьціян будуць адзначаць рэлігійныя сьвяты па новым календары. У прыватнасьці, Раство будуць адзначаць 25 сьнежня, а ня 7 студзеня, Дзень сьвятога Мікалая 6-га, а не 19 сьнежня, Вадохрышча — 6-га, а не 18 студзеня.

У той жа час ня зьменіцца дата сьвяткаваньня Вялікадня і некаторых іншых сьвятаў.

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году істотна паўплывала на сьвядомасьць украінскіх грамадзян. Усё больш украінцаў пераходзяць на ўкраінскую мову ў побыце, адмаўляюцца ад твораў расейскай культуры і ўсяго, што зьвязана з Расеяй.

З 2022 году вялікая колькасьць украінцаў вырашылі перайсьці на сьвяткаваньне Калядаў (Раства Хрыстовага), аднаго з галоўных рэлігійных сьвятаў, паводле грыгарыянскага календара, нягледзячы на тое, што царкоўныя ўлады такога рашэньня не ўхвальвалі.

Сёлета ў лютым аб пераходзе на новы стыль для нерухомых сьвятаў з захаваньнем Вялікадня паводле старога стылю заявіла і Ўкраінская грэка-каталіцкая царква ва Ўкраіне.

​
XS
SM
MD
LG