Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля розгаласу ў СМІ рашэньне аб прызыве ў войска маладога ксяндза з Наваградка адмянілі


Дзьмітры Малец. Архіўнае фота
Дзьмітры Малец. Архіўнае фота

22 траўня Свабодзе стала вядома, што ксяндза Дзьмітрыя Мальца прызываюць на вайсковую службу. Аднак на наступны дзень рашэньне адмянілі.

«Кс. Дзмітрыя, вікарыя ў Наваградка, ня возьмуць у армію. Хвала Езусу!», — напісаў у Фэйсбуку ў групе «Каталікі Беларусі» сьвятар Юры 23 траўня.

Напярэданьні зьявілася інфармацыя, што ксяндза Дзьмітрыя Мальца прызываюць на вайсковую службу.

Каталіцкі дзеяч Арцём Ткачук патлумачыў у пасьце ў Фэйсбуку, што хаця заканадаўча сьвятары не былі вызваленыя ад прызыву ў войска, раней на практыцы маладыя сьвятары атрымлівалі адтэрміноўку. Выглядала, што сытуацыя зьмянілася.

«Сьвятароў цяпер забіраюць у армію. Яшчэ з 90-х гадоў існаваў мэханізм, паводле якога рэгулявалася пытаньне прызыву маладых клірыкаў і сьвятароў у войска. Заканадаўча нідзе не было прапісана, што духоўныя асобы вызваленыя ад гэтага абавязку. Таму два разы на год біскупы рыхтавалі адмысловы сьпіс клірыкаў і сьвятароў, якія падлягалі прызыву ў войска, і адпаведныя дзяржаўныя органы давалі адтэрміноўку. Некалькі гадоў таму ледзь не дайшло ды прызыву некалькіх сьвятароў і клірыкаў у вайсковыя часткі.

Тады яны атрымалі позвы ў ваенкамат, і да самага апошняга моманту не было адтэрміноўкі. Аднак урэшце яе ўсё-такі далі. Як бачым, улады вырашылі скарыстацца сваім правам і не далі адтэрміноўкі ксяндзу Дзьмітрыю Мальцу. Час пакажа, што будзе зь іншымі клірыкамі і сьвятарамі. Хіба што пакуль не ідзе размовы пра прызыў у войска клірыкаў міждыяцэзіяльнай сэмінарыі ў Горадні. Калі іх пазбавяць адтэрміноўкі, то дзейнасьць навучальнай установы фактычна будзе паралізаваная на паўтара года», — напісаў Арцём Ткачук.

  • Дзьмітры Малец нарадзіўся 18 чэрвеня 1996 году, дыяканскае пасьвячэньне прыняў 16 лістапада 2019 году, служыў у катэдральным касьцёле ў Горадні. Праўдападобна, што апошнім месцам служэньня быў Наваградак. Да 27 гадоў, калі канчаецца прызыўны ўзрост, яму засталося менш за месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG