Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладога ксяндза з Навагрудка прызываюць у войска


Прызыўнікі. Ілюстрацыйнае архіўнае фота.
Прызыўнікі. Ілюстрацыйнае архіўнае фота.

Як стала вядома Свабодзе, ксяндза Дзьмітрыя Мальца прызываюць на вайсковую службу.

Каталіцкі дзеяч Арцём Ткачук патлумачыў у пасьце ў Фэйсбуку, што хаця заканадаўча сьвятары не былі вызваленыя ад прызыву ў войска, раней на практыцы маладыя сьвятары атрымлівалі адтэрміноўку. Выглядае, што сытуацыя зьмянілася.

«Сьвятароў цяпер забіраюць у армію. Яшчэ з 90-х гадоў існаваў мэханізм, паводле якога рэгулявалася пытаньне прызыву маладых клірыкаў і сьвятароў у войска. Заканадаўча нідзе не было прапісана, што духоўныя асобы вызваленыя ад гэтага абавязку. Таму два разы на год біскупы рыхтавалі адмысловы сьпіс клірыкаў і сьвятароў, якія падлягалі прызыву ў войска, і адпаведныя дзяржаўныя органы давалі адтэрміноўку. Некалькі гадоў таму ледзь не дайшло ды прызыву некалькіх сьвятароў і клірыкаў у вайсковыя часткі.

Тады яны атрымалі позвы ў ваенкамат, і да самага апошняга моманту не было адтэрміноўкі. Аднак урэшце яе ўсё-такі далі. Як бачым, улады вырашылі скарыстацца сваім правам — і не далі адтэрміноўкі ксяндзу Дзьмітрыю Мальцу. Час пакажа, што будзе зь іншымі клірыкамі і сьвятарамі. Хіба што пакуль не ідзе размовы пра прызыў у войска клірыкаў міждыяцэзіяльнай сэмінарыі ў Горадні. Калі іх пазбавяць адтэрміноўкі, то дзейнасьць навучальнай установы фактычна будзе паралізаваная на паўтара года», — напісаў Арцём Ткачук.

Дзьмітры Малец нарадзіўся 18 чэрвеня 1996 году, дыяканскае пасьвячэньне прыняў 16 лістапада 2019 году, служыў у катэдральным касьцёле ў Горадні. Праўдападобна, што апошнім месцам служэньня быў Наваградак, адкуль яго цяпер і праводзяць у войска. Да 27 гадоў, калі канчаецца прызыўны ўзрост, яму засталося менш за месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG