Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі праграму вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі да 2025 году

Зэнітна-ракетны комплекс «Тор»
Зэнітна-ракетны комплекс «Тор»

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале зьявілася пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Расеі аб рэалізацыі праграмы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Раней дакумэнт ратыфікаваў беларускі бок.

Праграма супрацоўніцтва ўключае 199 пунктаў. У рамках навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ плянуюць паставіць на шасі Менскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ) і іншых беларускіх прадпрыемстваў некалькі ўзораў расейскіх комплексаў:

  • зэнітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр-С1»;
  • супрацьтанкавым ракетны комплекс «Карнэт-Э/ЭМ»;
  • баявыя аддзяленьні «Бераг» і «Бережок».

Ёсьць ідэя стварыць колавы варыянт зэнітнага ракетнага комплексу малой далёкасьці «Сосна» на шасі «Volat».

ААТ «Пеленг» і расейскі НДІ «Сигнал» павінны стварыць малагабарытны аўтаматызаваны комплекс сродкаў артылерыйскага падразьдзяленьня для расейскай арміі, прыдатны для нашэньня або перавозкі.

«Інтэграл» будзе ствараць пэрспэктыўную кампанэнтную базу для «Канцэрну паветрана-касьмічнай абароны «Алмаз-Антей».

Пагадненьне прадугледжвае распрацоўку прыцэльных комплексаў зь цеплавізарам для БТР-82А, модуля «Арбалет-Д» і іншай пэрспэктыўнай бранятанкавай тэхнікі.

У рамках інтэграцыі абаронна-прамысловага комплексу краін заплянаваны:

  • стварэньне зводу правілаў па пасьляпродажным абслугоўваньні самалётаў Як-130, Су-30СМ з удзелам ААТ «558-ы Авіяцыйны рамонтны завод», а таксама тэхнічны аўдыт прадпрыемства на прадмет капітальнага рамонту вайсковых верталётаў;
  • прапрацоўка стварэньня сэрвіснага цэнтру на базе ААТ «2566-ы завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня» па рамонце і абслугоўваньні ЗРК «Тор-М2К»;
  • арганізацыя сумеснай буйнавузлавой зборкі БТР-82А і іх сэрвіснага абслугоўваньня на беларускіх прадпрыемствах з устаноўкай беларускай оптыкі і сродкаў сувязі;
  • арганізацыя сумеснай вытворчасьці радыёстанцый, шлемафонаў і іншай апаратуры сувязі для бранятэхнікі.

У праграму таксама заклалі пляны пастаўкі прадукцыі і паслуг вайсковага прызначэньня зь Беларусі ў інтарэсах Расеі. Гэта і мэтэаралягічнае абсталяваньне, прыцэлы для бранятэхнікі ад «Пеленгу», сыстэмы адлюстраваньня інфармацыі ад «Гарызонту», пастаўкі шасі МЗКЦ для розных відаў вайсковай тэхнікі, паслугі па сэрвісным абслугоўваньні і капрамонце, пастаўкі электронных кампанэнтаў, оптыка-электроннага абсталяваньня і іншае.

З Расеі ў Беларусь плянуюць паставіць зьнішчальнікі Су-30СМ, а таксама комплексны трэнажор для навучаньня пілётаў кіраваньню гэтымі самалётамі. Заплянаваны пастаўкі авіяцыйных сродкаў паражэньня, запчастак. Таксама Беларусь павінна атрымаць аўтаматызаваную сыстэму кантролю «АКА-1». Самалёты Як-130 будуць даабсталяваныя пад устаноўку БКА «Талісман».

Праграма ўключае таксама пастаўкі верталётаў Мі-35М і Мі-8МТВ-5, парашутна-дэсантную тэхніку, самалёты Як-130, ЗРК «Тор-М2К», ПЗРК «Верба» 9КЗЗЗ. Зэнітныя самаходныя ўстаноўкі «Тунгуска» плянуецца мадэрнізаваць да ўзроўню 2С6М1, будуць мадэрнізаваны гаўбіцы «Акация» і «Гвоздика», танкі Т-72.

Таксама Расея будзе пастаўляць супрацьтанкавыя ракеты 9М120 «Атака», 9М113М «Конкурс-М», гранатамёт РПГ-26 «Аглень», снарады калібру 152 мм, іншыя боепрыпасы.

Праграма ахоплівае 2022-2025 гады. Reform.by мяркуе, што калі судзіць па паведамленьнях Мінабароны Беларусі і Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці, частку пунктаў пагадненьня ўжо рэалізавалі летась, у прыватнасьці капітальны рамонт комплексаў С-300, пастаўку «Тораў» і іншае.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG