Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На расейскага музыку Грабеншчыкова склалі пратакол аб «дыскрэдытацыі» арміі РФ


Барыс Грабеншчыкоў
Барыс Грабеншчыкоў

На паэта і музыку Барыса Грабеншчыкова ў Расеі склалі пратакол аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі (частка 1 артыкула 20.3.3 КаАП РФ), паведамляе «Медиазона».

Справа Грабеншчыкова, як гаворыцца на сайце судоў агульнай юрысдыкцыі Масквы, будзе разглядацца ў Цьвярскім раённым судзе расейскай сталіцы. Што менавіта стала прычынай для пратаколу, невядома.

У камэнтары тэлеграм-каналу «Можем объяснить» Грабеншчыкоў заявіў, што яму невядома аб матывах, паводле якіх на яго завялі пратакол аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі. «Ужо чаго-чаго, а пра войска я ўвогуле ніколі нічога не казаў», — адзначыў музыка і дадаў, што пакуль не зьбіраецца вяртацца ў Расею. Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Грабеншчыкоў зьехаў у Лёндан.

У студзені 2023 году дэпутат Дзярждумы ад «Единой России» Султан Хамзаеў зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт РФ з просьбай праверыць словы Грабеншчыкова на прадмет садзейнічаньня тэрарызму і «дыскрэдытацыі» расейскай арміі. Як сьцьвярджае Хамзаеў, музыка ў адным з інтэрвію «заявіў аб накіраваньні сродкаў на дапамогу Ўкраіне», а таксама «раскрытыкаваў» дзеяньні арміі РФ ва Ўкраіне.

У сакавіку 2023 году пратакол аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі склалі на лідэра групы «Ногу свело» Максіма Пакроўскага. Нагодай для складаньня пратаколу, паводле слоў самога музыкі, стаў відэакліп гурту на песьню «Нам не патрэбная вайна!». Пазьней суд спыніў адміністрацыйную справу супраць лідэра «Ногу свело» з прычыны заканчэньня тэрміну даўнасьці.

Пасьля пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну з Расеі зьехалі многія дзеячы культуры, якія выказвалі сваю антываенную пазыцыю. У прыватнасьці, з РФ зьехалі актор і тэлевядоўца Міхаіл Шац, сьпявачка Ала Пугачова і тэлевядоўца Максім Галкін, сьпявак і кампазытар Андрэй Макарэвіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG