Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што беларусы думаюць пра ваенныя мэты Расеі ва Ўкраіне: вынікі апытаньня Chatham House


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту супраць вайны
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту супраць вайны

Сацыёляг, дасьледчык Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў прааналізаваў адказы беларусаў на пытаньне, якіх мэтаў Расея, на іх думку, імкнецца дасягнуць у цяперашняй вайне супраць Украіны.

Гэта пытаньне беларусам задавалі ў рамках 15-ай хвалі маніторынгу «Беларускай ініцыятывы» Chatham House. У ёй было некалькі адкрытых пытаньняў, у якіх людзі самі без падказак у выглядзе варыянтаў адказаў пісалі тое, што яны думаюць.

Па выніках аналізу адказаў на пытаньне, якія мэты, на думку рэспандэнтаў, Расея перасьледуе ў бягучай вайне, Генадзь Коршунаў вызначыў наступныя групы, блёкі адказаў.

«Расея — агрэсар»

Самым маштабным аказаўся блёк адказаў, якія аб’ядноўваюцца вакол ідэі аб тым, што Расея захоплівае чужыя тэрыторыі з «імпэрскімі мэтамі», спрабуе стварыць такі «квазіСССР» або «СССР 2.0». Гэтыя мэты людзі апісваюць фармулёўкамі наступнага тыпу:

  • «Захоп земляў, прычым ня толькі Ўкраіны. Думаю, яны ня спыняцца і пойдуць з вайной далей на захад».
  • «Не дапусьціць былыя краіны СССР выйсьці з-пад кантролю».
  • «Захаваньне адзінай эканамічнай, ваеннай, славянскай, геаграфічнай прасторы і сяброўскай краіны ў саюзе з расейскай імпэрыяй».

Такая пазыцыя блізкая 17,5 % апытаных.

«Расея — абаронца»

Другое месца займае блёк адказаў, цэнтральнай пазыцыяй якога зьяўляецца ідэя клопату Расеі пра людзей — альбо ўсёй Украіны, альбо так званых непрызнаных «ДНР» і «ЛНР». Доля гэтага блёка склала 13,1%. Тут выказваюцца такія матывацыі:

  • «Каб людзі Данбасу жылі ў міры».
  • «Вызваліць украінскае насельніцтва, якое на працягу некалькіх гадоў жыло ў страху».
  • «Выратаваць мірных людзей».

«Не дапусьціць (у) NATO»

Трэці блёк часткова перасякаецца зь першымі двума, але мае зьнешні вэктар. Гэта меркаваньне аб тым, што Расея імкнецца не дапусьціць збліжэньня Ўкраіны з Захадам і — шырэй — супрацьдзейнічаць «калектыўнаму Захаду» у асобе ЗША, ЭЗ і NATO. Так думаюць 12% апытаных, адказы наступнага кшталту:

  • «Не дапусьціць Украіну ў NATO і Эўразьвяз».
  • «Найперш гэта выклікана пагрозай уваходжаньня Ўкраіны ў NATO і далейшага разьмяшчэньня вайсковых базаў ЗША на сваёй тэрыторыі».
  • «Абараніць сваю цэласнасьць і выключыць магчымасьць разьмяшчэньня побач зь мяжой армій ЗША і ЭЗ».

«Расея ў сваім праве»

Наступны блёк склалі выказваньні, агульным сэнсам якіх выступае ідэя самаабароны Расеі, прычым у самым шырокім разуменьні. Гэта і барацьба за гістарычную справядлівасьць, і адстойваньне ўласных інтарэсаў, і прэвэнтыўная абарона сваіх межаў, і абарона расейскамоўнага насельніцтва. Так лічаць 11,9% апытаных.

  • «Расея не ваюе з Украінай, яна абараняецца ад нападаў Украіны».
  • «Выратаваньне расейскамоўнага насельніцтва».
  • «Абарона сваіх грамадзян».

Акрамя таго, у частцы адказаў гэтага блёку прасочваецца думка аб тым, што «расейскамоўныя» = «рускія», і што Расея мае права і маральны абавязак ажыцьцяўляць пратэктарат над усімі расейскамоўнымі тэрыторыямі.

«Антыфашызм»

У пяты блёк (8,8%) патрапілі адказы, сфакусаваныя вакол ідэі аб тым, што падчас гэтай вайны Расея змагаецца з нацызмам або неанацызмам ва Ўкраіне (варыянты: з фашызмам, з «бандэраўшчынай», бандэраўцамі). Варыянты падобных адказаў:

  • «Дэнацыфікацыя і нэўтралітэт Украіны»,
  • «Трэба скончыць з фашысцкім рэжымам ва Ўкраіне. Бандэра і яго паплечнікі — не героі, а ваенныя злачынцы»,
  • «Галоўная мэта — спыніць нацызм, абараніць людзей славянскай нацыянальнасьці ад ганеньня бандэраўскай улады».

«Генацыд»

Шосты блёк — сьцьвярджэньні, што галоўнай мэтай Расеі ў гэтай вайне зьяўляецца ліквідацыя Ўкраіны і як дзяржавы, і як краіны. А таксама зьнішчэньне ўкраінцаў як нацыі. Пра гэта гавораць 8,4% апытаных.

  • «Зьнішчэньне краіны і жыхароў Украіны».
  • «Зьнішчэньне Ўкраіны як дзяржавы і ўкраінцаў як нацыі».
  • «Генацыд украінскага народа».

«Міратворчасьць»

5,5% апытаных прытрымліваюцца думкі, што мэтай вайны для Расеі зьяўляецца ўсталяваньне міру ва Ўкраіне наогул і на яе ўсходзе ў прыватнасьці.

  • «Спыніць вайну на Данбасе».
  • «Спыніць кровапраліцьце».
  • «Расея ня ставіць мэты вайны, Расея за мір».

«Псыхіятрыя і ўлада»

У апошні блёк сабраныя выказваньні, сканцэнтраваныя на непрадказальнасьці лідэра Расеі, на прыземленых інтарэсах расейскіх палітычных і эканамічных элітаў. Доля гэтага блёка складае 4%.

  • «Яны самі ня ведаюць дакладна, чаго хочуць. Зьмяняюцца іх мэты ўвесь час».

«Цяжка адказаць»

Пры гэтым самым папулярным варыянтам адказу стала «ня ведаю, цяжка адказаць». Не змаглі выказаць свае меркаваньні пра ваенныя мэты Расеі крыху больш за чвэрць апытаных (25,1%).

Выдзеленыя блёкі — не аўтаномныя, яны шмат у чым накладваюцца адзін на іншы. Пры гэтым пакуль ніводная з пазыцыяў не зьяўляецца адкрыта дамінуючай, адзначае Генадзь Коршунаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG