Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмежаваньні на выезд зь Беларусі закрануць больш за 125 тысяч чалавек


Каля беларускай мяжы. Архіўнае фота
Каля беларускай мяжы. Архіўнае фота

У Беларусі зьмянілі закон аб парадку выезду з краіны і ўезду ў краіну.

16 траўня ўступілі ў сілу зьмяненьні асобных ў закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь».

Беларускі расьследвальніцкі цэнтар падлічыў, што новыя абмежаваньні на выезд з краіны закрануць як мінімум 126 тысяч чалавек.

  • Самая шматлікая катэгорыя — вайскоўцы. Паводле зьвестак дасьледаваньня Military Balance 2022, колькасьць войскаў Беларусі — 48 тысяч чалавек. Яшчэ 12 тысяч беларусаў служаць у памежных войсках
  • Другая па колькасьці катэгорыя беларусаў, якіх закрануць абмежаваньні, — супрацоўнікі МУС. Паводле інфармацыі BYPOL, штатная колькасьць ведамства на кастрычнік 2020 года — 46 128 чалавек.
  • У катэгорыю невыязных патрапілі і супрацоўнікі КДБ. Па дадзеных на 2022 год, іх колькасьць не перавышае 10 тысяч чалавек. Такія зьвесткі пазначаны ў часопісе «Разведчик» фонду дапамогі вэтэранам Службы зьнешняй выведкі Расеі.
  • Абмежаваньні таксама закрануць работнікаў іншых сілавых ведамстваў, колькасьць якіх ацанілі не меней за тысячу беларусаў.
  • Яшчэ 18 высокіх чыноўнікаў Беларусі будуць узгадняць замежныя паездкі асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам.

Забарона для «палітычных адміністрацыйнікаў»

Апрача таго КДБ зможа абмежаваць выезд ня толькі тым, хто знаходзіцца на прафіляктычным уліку ў органах дзяржаўнай бясьпекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь».

Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненьні да якіх вядзецца працэс за ўчыненьне адміністрацыйных правапарушэньняў супраць парадку кіраваньня, — у мэтах забесьпячэньня выкананьня пастановы судзьдзі аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе штрафу».

Раней абвінавачаных зь Беларусі таксама не выпускалі, але гэта тычылася тых, каму ўжо прысудзілі штраф, а ён не аплаціў. Цяпер жа выезд будзе забаронены і тым, супраць каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэньне суду не прынятае.

У «правапарушэньні супраць парадку кіравання» ўваходзяць такія артыкулы КаАП:

  • «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў»,
  • «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» і іншыя.

Забарона для сілавікоў

Высокія чыноўнікі змогуць выехаць за мяжу толькі пасьля ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод тых, каго тычыцца новаўвядзенні:

  • старшыні абласных і Менскага гарадзкога выканаўчых камітэтаў;
  • начальнік Службы бясьпекі;
  • начальнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру;
  • старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі,
  • міністар унутраных спраў;
  • міністар замежных спраў;
  • міністар абароны;
  • міністар у надзвычайных сытуацыях;
  • старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту;
  • старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту;
  • старшыня Сьледчага камітэту;
  • старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз;
  • начальнік Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.

Выезд зь Беларусі «кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і работнікаў, якія ажыцьцяўляюць забесьпячэньне дзейнасьці і тэхнічнае абслугоўваньне дзяржаўных органаў, якім дадзены допуск да дзяржаўных сакрэтаў», будзе вызначацца ўрадам.

У законе пазначана, што выезд за мяжу сілавікоў будзе «вызначацца лякальным прававым актам» адпаведных ведамстваў. Пэўна, у іх будзе замацаваная норма «па ўзгадненьні з кіраўніцтвам». Гэта будзе тычыцца вайскоўцаў, супрацоўнікаў, работнікаў і асоб цывільнага пэрсаналу вайсковых фармаваньняў і ваенізаваных арганізацый Беларусі, а менавіта:

  • Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь;
  • органаў памежнай службы;
  • унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў;
  • органаў дзяржаўнай бясьпекі;
  • транспартных войскаў;
  • Службы бясьпекі;
  • Апэратыўна-аналітычнага цэнтру;
  • органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю;
  • Сьледчага камітэту;
  • Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз;
  • органаў унутраных спраў;
  • органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях;
  • Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету;
  • Дзяржаўнай фэльд’егерскай службы пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

У законе таксама адзначана, што ім можа быць адмоўлена ў выезьдзе з краіны «ў мэтах забесьпячэньня інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі да спыненьня абставінаў, якія перашкаджаюць іх выезду».

Калі ўводзяцца гэтыя забароны?

Забарона для «палітычных адміністрацыйнікаў» — праз шэсьць месяцаў пасьля афіцыйнага апублікаваньня гэтага закону. Іншыя палажэньні — пасьля афіцыйнага апублікаваньня закону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG