Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя заклікала Беларусь да вызваленьня палітвязьняў з гуманітарных меркаваньняў


Амбасада Францыі ў Менску
Амбасада Францыі ў Менску

Пасольства Францыі адрэагавала на новы даклад АБСЭ.

У паведамленьні францускай дыпляматычнай місіі зазначана, што «Францыя з глыбокай занепакоенасьцю прыняла да ўвагі высновы дакладу прафэсару Эрвэ Асансьё». Яго прадставілі 11 траўня пад назвай «Аб сур’ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэньню АБСЭ ў Беларусі з 5 лістапада 2020 году».

Даклад адзначае, што на працягу апошніх двух гадоў адбываецца рост абмежаваньняў асноўных свабодаў і ўзмацненьне жорсткасьці рэпрэсій з мэтай забясьпечыць кантроль беларускага ўраду над усім грамадзтвам і прымусіць замаўчаць усіх тых, «хто выступае супраць агрэсіўнай вайны Расеі ў дачыненьні Ўкраіны».

Прафэсар папярэджвае пра асабліва вялікую колькасьць палітычных зьняволеных і рэгулярнае прымяненьне ўладамі катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня, у прыватнасьці ў дачыненьні тых, каго лічаць палітычнымі апазыцыянэрамі. Ён выкрывае цэлы заканадаўчы арсэнал, створаны Беларусьсю для стрымліваньня любой формы апазыцыі, які з пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне асабліва накіраваны супраць тых, хто выступае супраць вайны або выказвае падтрымку ўкраінскаму народу.

«Францыя рашуча адданая справе заахвочваньня і абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў. Мы чарговы раз настойліва заклікаем Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязкі і абавязаньні і неадкладна выканаць рэкамэндацыі дакладу, высновы якога падмацаваныя доказамі, сабранымі, у прыватнасьці, Міжнароднай плятформай падсправаздачнасьці аб Беларусі, пачынаючы з вызваленьня палітычных зьняволеных з гуманітарных меркаваньняў і забесьпячэньня доступу да мэдыцынскай дапамогі», — гаворыцца ў заяве амбасады Францыі ў Менску.

Францыя чарговы раз «рашуча асудзіла сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і саўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў незаконнай і неапраўданай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG