Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць магчымасьць прыцягнуць да адказнасьці тых, хто незаконна зьнявольвае беларускіх палітвязьняў, — амбасадар ЗША ў АБСЭ


Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе
Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе

Неабходна стварыць мэханізмы, каб прыцягнуць да адказнасьці тых, хто незаконна ўтрымлівае палітычных вязьняў у Беларусі і злоўжывае судовай сыстэмай, — заявіў на брыфінгу ў Брусэлі 11 траўня Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

«Я падкрэсьлю той факт, што ў цяперашні час, калі існуюць прасунутыя тэхналёгіі распазнаваньня твараў і іншыя магчымасьці, якіх не было яшчэ пару дзесяцігодзьдзяў таму, ёсьць сродкі, каб вызначыць, хто нясе адказнасьць за парушэньні правоў людзей, у гэтым выпадку палітычных вязьняў, і прыцягнуць такіх парушальнікаў да адказнасьці зь цягам часу», — сказаў Карпэнтэр.

Амбасадар ЗША адзначыў, што важна дакумэнтаваць кожны выпадак незаконнага затрыманьня людзей, якія ўтрымліваюцца за кратамі за свае палітычныя погляды і за выказваньне сваіх думак.

На чарговай сэсіі Сталай Рады АБСЭ ў Вене 11 траўня прадставілі даклад аб правах чалавека ў Беларусі, падрыхтаваны ў рамках так званага Маскоўскага мэханізму — адмысловага мэтаду працы арганізацыі ў краінах, дзе адбываюцца грубыя і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека.

Асобны пункт у сумеснай заяве прадстаўнікоў 26 краінаў – сяброў Эўразьвязу з 27, якія ўхвалілі рэзалюцыю (Вугоршчына — адзіная краіна з Эўразьвязу, якая не далучылася да рэзалюцыі), прысьвечаны сьмерці ў віцебскай калёніі палітвязьня Мікалая Клімовіча і стану здароўя Віктара Бабарыкі.

У рэзалюцыі, сярод іншага, адзначаецца наяўнасьць катаваньняў і бесчалавечнага або зьневажальнага для чалавечай годнасьці стаўленьня да палітычных зьняволеных у беларускіх турмах:

«У сувязі з гэтым, а таксама ў сувязі зь нядаўнім паведамленьнем пра сьмерць Мікалая Клімовіча ў беларускай турме, дазвольце яшчэ раз паўтарыць нашу занепакоенасьць сытуацыяй са здароўем палітвязьняў, у тым ліку былога патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, які быў шпіталізаваны, як паведамляецца, са сьлядамі зьбіцьця.

Мы заклікаем улады гарантаваць яго бясьпеку і забясьпечыць яму неадкладнае і належнае мэдычнае абсьледаваньне і дапамогу. Мы зноў патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Віктара Бабарыкі і ўсіх іншых палітвязьняў», — гаворыцца ў заяве Сталай рады АБСЭ.

У дакумэнце пад назвай «Справаздача для АБСЭ аб сур’ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэньню ў Беларусі з 5 лістапада 2020 году» яе аўтар, прафэсар Сарбонскага ўнівэрсытэту ў Парыжы Эрвэ Асэнсьё падрабязна расказвае пра рэпрэсіўныя зьмены ў заканадаўстве Беларусі і практыку іх прымяненьня, пра стан беларускай грамадзянскай супольнасьці і асноўных свабод унутры краіны.

Што рэкамэндаваў аўтар дакладу ўладам Беларусі

Дакладчык дае шэраг рэкамэндацый, як гэта прадугледжана яго мандатам.

Пра палітвязьняў

  • Неадкладна вызваліць палітвязьняў з гуманітарных меркаваньняў.

Пра заканадаўчыя рэформы

  • Правесьці маштабную рэформу дзейнага заканадаўства ў Беларусі для прывядзеньня нацыянальнага заканадаўства аб крымінальнай адказнасьці і Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях у поўную адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі і стандартамі.
  • Увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Пра беларусаў у эміграцыі

  • Арганізаваць аднаўленьне пашпартоў беларусаў, якія пражываюць за мяжой.
  • Устрымацца ад любой дыскрымінацыі беларусаў у эміграцыі.

Пра грамадзянскую супольнасьць

  • Адмяніць законы і пастановы, якія абмяжоўваюць стварэньне і дзейнасьць незалежных арганізацый, у тым ліку асацыяцый, прафэсійных саюзаў, палітычных партый і іншых.
  • Забясьпечыць, каб журналісты і іншыя прадстаўнікі СМІ маглі працаваць свабодна і незалежна, бяз страху цэнзуры або перасьледу.

Што рэкамэндаваў аўтар дакладу краінам ​ АБСЭ і міжнароднай супольнасьці

  • Арганізаваць наведваньне ізалятараў і судовых паседжаньняў для забесьпячэньня празрыстасьці і павагі да правоў чалавека.
  • Зрабіць усе неабходныя захады для гарантаваньня адказнасьці за рэпрэсіі ў Беларусі з дапамогай нацыянальных, рэгіянальных або міжнародных працэдур.
  • Прапанаваць беларусам міжнародную абарону, а таксама дазволы на жыхарства і працу ў эміграцыі, а таксама садзейнічаць іх інтэграцыі праз адпаведныя праграмы.
  • Падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на інфармаваньне і дакумэнтаваньне парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
  • Падтрымліваць ініцыятывы салідарнасьці з ахвярамі беларускіх рэпрэсій.
  • Дапамагаць беларускім арганізацыям, праваабаронцам і журналістам у выгнаньні існаваць і дзейнічаць за мяжой.
  • Падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на захаваньне беларускай мовы і культуры за мяжой.

Што такое «Маскоўскі мэханізм»

  • Маскоўскі мэханізм — мэтад працы АБСЭ ў галіне чалавечага вымярэньня, зацьверджаны ў 1991 годзе 38 дзяржавамі – сябрамі арганізацыі на нарадзе ў Маскве. Ён прадугледжвае магчымасьць накіраваньня экспэртных камісій для аказаньня дзяржавам-удзельніцам дапамогі ў вырашэньні канкрэтных пытаньняў або праблем, зьвязаных з чалавечым вымярэньнем.
  • Папярэдні раз мэханізм у дачыненьні да Беларусі запускалі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Тады ў выніковым дакладзе місіі зьмяшчаўся шэраг рэкамэндацый Беларусі: прызначыць новыя прэзыдэнцкія выбары на аснове міжнародных стандартаў, спыніць гвалту у дачыненьні да пратэстоўцаў, прыцягнуць да адказнасьці вінаватых, вызваліць несправядліва затрыманых, пачаць дыялёг з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, стварыць назіральную місію БДІПЧ/ АБСЭ. Рэжым Лукашэнкі цалкам праігнараваў гэтыя рэкамэндацыі.
  • У лютым 2023 году Сьвятлана Ціханоўская заклікала перазапусьціць Маскоўскі мэханізм адносна Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG