Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Зяленскі паціснуў руку Сьвятлане Ціханоўскай. Гэта іх першая публічная сустрэча


Сьвятлана Ціханоўская і Ўладзімір Зяленскі. Выступае Оляф Шольц
Сьвятлана Ціханоўская і Ўладзімір Зяленскі. Выступае Оляф Шольц

Прэзыдэнт Украіны прыняў удзел у цырымоніі ўручэньня прэміі Карла Вялікага ў нямецкі Ахэне. Сьвятлана Ціханоўская прысутнічала там як ляўрэатка прэміі мінулага года.

Пасьля цырымоніі ўкраінскі прэзыдэнт сустрэўся з групай палітыкаў, сярод якіх была і Сьвятлана Ціханоўская. На відэакадрах бачна, як украінскі прэзыдэнт паціскае рукі лідэрцы дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэта іх першае публічнае спатканьне. Раней экспэрты выказвалі думку, што Зяленскі пазьбягае сустрэчы з Ціханоўскай, каб «не правакаваць Лукашэнку».

Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага зьяўляецца адной з найбольш значных эўрапейскіх узнагарод, яна ўручаецца з 1950 года людзям і арганізацыям за іх вядучую ролю ў аб’яднаньні Эўропы. Марыю Калесьнікаву, Сьвятлану Ціханоўскую і Вераніку Цапкалу ўганаравалі прэстыжнай міжнароднай прэміяй імя Карла Вялікага ў 2022 годзе. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі яе ўручылі беларусам.

У 2019 годзе прэмія была ўручана генэральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрыўшу, за год да гэтага — прэзыдэнту Францыі Эманюэлю Макрону, у 2017-м узнагароду атрымаў брытанскі гісторык Гартан Эш, а ў 2016-м — Папа Рымскі Францішак.

У розныя гады гэтай прэміі ў ліку іншых ганараваліся кароль Гішпаніі Хуан Карляс I, Папа Рымскі Ян Павал II, былы вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Хаўер Саляна, былая канцлерка ФРГ Ангела Мэркель.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG