Урад ФРГ рыхтуецца перадаць Украіне пакет вайсковай дапамогі на суму 2,7 мільярда эўра, паведаміла Der Spiegel са спасылкай на крыніцы. Пазьней інфармацыю пацьвердзіў міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс.
Паводле інфармацыі Der Spiegel, у новы пакет увойдуць:
- 30 танкаў Leopard 1;
- 20 баявых машын пяхоты Marder;
- чатыры сыстэмы СПА IIris-T SLM;
- 15 зэнітных самаходных установак Gepard;
- 200 выведвальных дронаў;
- 100 бронетранспартэраў.
Пакет вайсковай дапамогі ўзгаднілі падчас сакрэтных перамоваў паміж міністэрствамі і ведамствамі фэдэральнага канцлера, піша выданьне, і ён стане самым буйным пакетам дапамогі ад Нямеччыны Ўкраіне з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
- 3 траўня амбасадары краінаў-чальцоў Эўразьвязу ўхвалілі рашэньне выдзеліць 1 мільярд эўра на закупку боепрыпасаў для Ўзброеных сілаў Украіны.
- Нядаўна Вялікая Брытанія перадала Ўзброеным сілам Украіны некалькі дальнабойных крылатых ракет Storm Shadow з радыюсам дзеяньня больш за 250 км. Ракеты такой далёкасьці Кіеў атрымлівае ўпершыню: дасюль краіны Захаду пастаўлялі Ўкраіне зброю, здольную атакаваць цэлі на адлегласьці да 80 км.
- У пачатку траўня ЗША вылучылі Ўкраіне чарговы пакет ваеннай дапамогі на $ 1,2 млрд, у які, акрамя іншага, увайшлі сыстэмы супрацьпаветранай абароны Hawk, зэнітныя боепрыпасы і бесьпілётнікі для супрацьпаветранай абароны.