Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскага манарха Карла III каранавалі ў Вэстмінстэрскім абацтве. Фота, відэа

абноўлена

6 траўня ў Лёндане праходзіць каранацыя новага брытанскага манарха Карла III. Ён стане 40-м брытанскім манархам, каранаваным у Вэстмінстэрскім абацтве з 1066 году, адзначае ВВС. Жонку Карла III Камілу карануюць разам зь ім як каралеву-кансорт.

Цырымонія пачалася з працэсіі ад Букінгемскага палаца да Вэстмінстэрскага абацтва. Непасрэдна ў працэсіі прымаюць удзел крыху менш за 200 вайскоўцаў, яшчэ тысяча вайскоўцаў выстраілася ўздоўж маршруту.

Жывую трансьляцыю вядзе тэлеканал ВВС:

Пасьля пачалася ўрачыстая цырымонія ў абацтве. Кароль на Бібліі ў прысутнасьці царкоўных герархаў прынёс прысягу верна служыць народу Брытаніі і іншых краін, кіраўніком якіх ён зьяўляецца, выконваць законы і быць абаронцам англіканскага веравучэньня — адным з тытулаў брытанскага манарха зьяўляецца «кіраўнік (англіканскай) царквы, абаронца веры».

Пасьля гэтага кароль быў убраны ва ўрачыстыя адзеньні, яму ўручылі сымбалі ўлады. Арцыбіскуп Кэнтэрбэрыйскі са словамі «Божа, ахоўвай караля» надзеў на яго галаву карону. У цырымоніі выкарыстоўвалі каранацыйнае крэсла і Скунскі камень, спэцыяльна дастаўленыя з Шатляндыі — гэтыя артэфакты для каранацыі ангельскіх і брытанскіх манархаў выкарыстоўваюцца з XIV стагодзьдзя.

Прыхільнікаў манархіі — ці проста цікаўных — на вуліцы Лёндана выйшлі дзясяткі тысяч. Яны вітаюць удзельнікаў сьвяточных цырымоній.

На Трафальгарскай плошчы ў цэнтры Лёндана паліцыя затрымала некалькі актывістаў — прыхільнікаў абвяшчэньня рэспублікі, якія прыйшлі прыйшлі на плошчу з плякатамі «Ня наш кароль». Сярод іх лідэр арганізацыі «Рэспубліка» Грэм Сміт.

Як паведамляюць агенцтвы, затрыманьні зьвязаныя з тым, што некаторыя актывісты прынесьлі з сабой фарбу, і паліцыя баялася вандалізму. Рэспубліканцы абвінавачваюць паліцыю ў парушэньні права на мірныя сходы.

На цырымонію каранацыі запрошаныя больш за дзьве тысячы гасьцей з больш як 200 краін. Адзначаецца, што каля ста дзяржаў будуць прадстаўленыя на найвышэйшым узроўні. Прадстаўнікоў Беларусі і Расеі на цырымонію не запрасілі.

Пасьля цырымоніі ў Вэстмінстэрскім абацтве Карл III з жонкай тым жа маршрутам вернуцца ў Букінгемскі палац, дзе каралеўская сям’я выйдзе на балькон і павітае прысутных у рэзыдэнцыі ў новым статусе.

  • 73-гадовы Карл III, да гэтага вядомы як Чарльз, прынц Валійскі, стаў найстарэйшым манархам на момант пачатку кіраваньня за ўсю гісторыю Вялікай Брытаніі.
  • Яго маці, каралева Лізавета II, памерла 8 верасьня 2022 году ва ўзросьце 96 гадоў. Яна ўступіла на пасад у 1952 годзе. Яе валадараньне было самым доўгім у гісторыі Вялікай Брытаніі і Англіі і адным з самых працяглых у сусьветнай гісторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG