Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджанага ва Ўкраіне беларуса з ПВК «Вагнэр» вызвалілі ад пакараньня — ён трапіў у сьпіс абмену ваеннапалоннымі


Беларус Андрэй Герыловіч, які ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр» і быў асуджаны ва Ўкраіне на 9 гадоў зьняволеньня за наёмніцтва, вызвалены ад пакараньня — яго ўключылі ў сьпіс абмену ваеннапалоннымі. На рашэньне ўкраінскага суда зьвярнула ўвага выданьне «Сильные Новости».

Чырвонагвардзейскі раённы суд Днепрапятроўска 2 траўня задаволіў хадайніцтва пракурора аб вызваленьні Герыловіча ад адбываньня пакараньня «ў сувязі з прыняцьцем рашэньня аб перадачы для абмену як ваеннапалоннага». Тэкст дакумэнта апублікаваны на партале Адзінага дзяржаўнага рэестру судовых рашэньняў Украіны.

У пастанове суда не пазначаюцца імя і прозьвішча асуджанага, аднак на сайце «Судовая ўлада» ёсьць пацьверджаньне, што гаворка ідзе пра Андрэя Герыловіча. Пасьля ўступленьня пастановы ў законную сілу, на што адводзіцца сем дзён, беларус можа рыхтавацца да вызваленьня.

  • Грамадзянін Беларусі Андрэй Герыловіч ваяваў у складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» пад пазыўным «Заспа», які ўзяў ад назвы вёскі Рэчыцкага раёну, непадалёк ад якой ён нарадзіўся. Паводле ўкраінскага сьледзтва, ён удзельнічаў у баях у Данецкай вобласьці. 16 лістапада яго ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы.
  • У сакавіку суд прызнаў яго вінаватым паводле ч.4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, які прадугледжвае пакараньне за ўдзел у якасьці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях. Герыловіч добраахвотна падпісаў са сьледзтвам пагадненьне аб прызнаньні віны, што дазволіла яму пазьбегнуць максымальнага пакараньня (10 гадоў) — яму прысудзілі 9 гадоў зьняволеньня.
  • У часе дасудовых сьледчых дзеяньняў, як паведамляла СБУ, Андрэй Герыловіч даў сьведчаньні аб ваенных злачынствах расейскіх войскаў і ваенізаваных груповак, перадаў устаноўчыя зьвесткі асобаў, датычных да іх, а таксама расказаў пра катаваньні, пазбаўленьне грашовага забесьпячэньня і забойствы за невыкананьне злачынных загадаў.
  • За наёмніцтва ва Ўкраіне да 10 гадоў зьняволеньня раней асудзілі яшчэ аднаго беларуса — Максіма Зязюльчыка. СБУ сьцьвярджала, што ён быў выведчыкам КДБ, ва Ўкраіне зьбіраў інфармацыю аб узорах замежнага ўзбраеньня і павінен быў разведаць пляны магчымага ўдзелу расейскіх ПВК у спробах адхіліць ад улады Лукашэнку. Паводле інфармацыі Свабоды, Украіна таксама ўключыла Зязюльчыка ў сьпісы для перадачы Расеі ў межах абмену палоннымі, яго перадалі Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG