(Злева направа) Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм'ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ і прэм'ер-міністар Бэльгіі Аляксандар дэ Кроа, Гаага, Нідэрлянды, 4 траўня 2023
Бэльгія накіруе Ўкраіне дапамогу ў памеры 200 мільёнаў эўра, атрыманых з даходаў ад замарожаных расейскіх актываў, заявіў прэм’ер-міністар Бэльгіі Аляксандэр дэ Кроа на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з кіраўніком ураду Нідэрляндаў Маркам Рутэ і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Гаазе.
Сродкі пойдуць на вайсковыя пастаўкі і падтрымку ўцекачоў. Выкарыстаньне расейскіх актываў, як адзначыў бэльгійскі прэмʼер, абгрунтаванае з эканамічнага і маральнага пункту гледжаньня.
Паводле дадзеных Мінфіну Бэльгіі, у краіне замарожана расейскіх актываў на агульную суму 58 мільярдаў эўра, таксама заблякаваныя зьвязаныя з Расеяй транзакцыі на 191 мільярд эўра. Брусель вырашыў выкарыстоўваць падаткі з адсоткаў, атрыманых ад разьмяшчэньня расейскіх актываў, на падтрымку Ўкраіны. Цяпер Бэльгія хоча выкарыстоўваць і самі адсоткі ў поўным абʼёме, падкрэсьліў Аляксандэр дэ Кроа.
Па дадзеных СМІ, улады Бэльгіі атрымалі за кошт падаткаў ад разьмешчаных у краіне расейскіх актываў 625 мільёнаў эўра.
Паводле папярэдніх ацэнак Эўразьвязу, на дэпазытах у краінах ЭЗ знаходзяцца не менш за 33 мільярдаў эўра з 300 мільярдаў эўра замарожаных рэзэрваў расейскага цэнтрабанку.
Bloomberg са спасылкай на крыніцы раней пісаў, што юрыдычная служба Эўракамісіі паінфармавала краіны ЭЗ аб тым, што яны могуць часова выкарыстоўваць частку замарожаных актываў Цэнтрабанку РФ, каб інвэставаць іх і накіроўваць на аднаўленьне Ўкраіны. Расейскія актывы нельга экспрапрыяваць, а ў пэўны момант асноўную суму актываў і адсоткі трэба будзе вярнуць Расеі. У выпадку, калі ЭЗ пры кіраваньні расейскімі актывамі панясе страты, то ЭЗ з уласнага бюджэту будзе вымушаны выплачваць Расеі кампэнсацыю.
Агенцтва адзначае, што гэтая прапанова спрэчная і яе толькі пачынаюць абмяркоўваць. Некаторыя краіны ЭЗ занепакоеныя, наколькі яна юрыдычна абгрунтаваная.