Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Кітаю ў Францыі заявіў, што постсавецкія краіны ня маюць паўнавартаснага сувэрэнітэту. Першымі зрэагавалі краіны Балтыі

Пасол Кітаю ў Парыжы Лу Шаэ
Пасол Кітаю ў Парыжы Лу Шаэ

Латвія, Літва і Эстонія выклікалі паслоў Кітаю з-за скандальнага інтэрвію кітайскага дыплямата ў Парыжы.

Амбасадары Кітаю ў Рызе, Вільні і Таліне мусяць зьявіцца ў панядзелак, 24 красавіка, у МЗС Латвіі, Літвы і Эстоніі адпаведна. Прычынай выкліку дыпляматычных прадстаўнікоў КНР сталі скандальныя заявы, зробленыя паслом Кітаю ў Францыі Лу Шаэ, наконт сувэрэнітэту дзяржаў на постсавецкай прасторы, піша Deutsche Welle.

Тэлежурналіст Дарыюс Рашэбен у этэры каналу навін La Chaîne Info папрасіў пасла растлумачыць яго пазыцыю па Крыме, прама адказаўшы на пытаньне: ці належыць тэрыторыя паўвострава Ўкраіне?

«Гэта залежыць ад таго, як вы ўспрымаеце праблему», — адказаў дыплямат і дадаў, што Крым быў «расейскім першапачаткова», пасьля чаго Мікіта Хрушчоў перадаў яго Ўкраіне.

На пярэчаньне журналіста, што міжнароднае права прызнае Крым як тэрыторыю Ўкраіны, Лу Шаэ заявіў, што дзяржавы з постсавецкай прасторы нібыта ня маюць статусу ў дзейным міжнародным праве, паколькі «няма міжнароднага пагадненьня, якое канкрэтызавала б іх статус як сувэрэнных краін».

На заявы кітайскага дыплямата імгненна адрэагаваў пасол Украіны ў Францыі Вадзім Амельчанка.

«Або ёсьць відавочныя праблемы зь геаграфіяй. Альбо такія заявы ідуць насуперак з пазыцыяй кітайскай сталіцы «адносна намаганьняў па аднаўленьні міру ва Ўкраіне на аснове міжнароднага права, мэтаў і прынцыпаў Статуту ААН», — напісаў украінскі прадстаўнік у сваім Twitter.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбэргіс заявіў, што інтэрвію кітайскага дыплямата выдатна тлумачыць, чаму Пэкін ня можа быць пасярэднікам у перамовах па ўстанаўленьні міру ва Ўкраіне.

«Калі камусьці ўсё яшчэ цікава, чаму краіны Балтыі не давяраюць Кітаю як „пасярэдніку ў дасягненьні міру ва Ўкраіне“, дык вось — кітайскі пасол, які сьцьвярджае, што Крым зьяўляецца расейскім, а межы паміж нашымі краінамі ня маюць ніякіх прававых падстаў», — напісаў кіраўнік дыпляматычнага ведамства.

Паўвостраў Крым, які Расея анэксавала ў 2014 годзе, належыць Украіне згодна зь міжнародным правам. Расея доўга валодала паўвостравам, але не выпадае казаць аб тым, што так было спрадвеку. У розныя стагодзьдзі паўвостраў належаў розным дзяржавам, мяняўся і этнічны склад насельніцтва, як натуральным, так і гвалтоўным чынам. Часткай Расеі Крым упершыню стаў толькі ў 1783 годзе.

Расея русыфікавала паўвостраў, аднак на ім дзейнічала як украінская грамада, так і арганізацыі іншых народаў, якія яго насялялі — крымскіх татараў, габрэяў, баўгараў, карімаў, армянаў і іншых. Пры кіраўніку СССР Хрушчове Крымскую вобласьць перадалі Украінскай ССР, пры гэтым у склад РСФСР перадалі частку іншых тэрыторый, забраўшы іх ва УССР.

Рэспубліка Беларусь, нягледзячы на словы Лукашэнкі пра жаданьне прыехаць у Крым і іншыя заявы і дзеяньні ў падтрымку расейскай інвазіі ва Ўкраіну, афіцыйна Крым часткай Расеі не прызнала. Супраць Масквы за анэксію Крыма і акупацыю часткі іншай тэрыторыі Ўкраіны ўвялі міжнародныя санкцыі. Абмежаваньні ўвялі і супраць Менску за дапамогу расейцам у вайне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG