Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Вярхоўнай Рады: Украіна не разрывае дыпляматычных адносін зь Беларусьсю дзеля калідора для вяртаньня людзей


Саламія Баброўская
Саламія Баброўская

Афіцыйны Кіеў не разрывае дыпляматычных адносін зь Беларусьсю, бо паміж краінамі да гэтага часу выкарыстоўваецца калідор, па якім грамадзяне Ўкраіны вяртаюцца дадому або выяжджаюць з акупаваных тэрыторый.

Пра гэта заявіла сябра камітэту бясьпекі і выведкі Вярхоўнай Рады Ўкраіны Саламія Баброўская:

«Вяртаньне грамадзян Украіны дадому, якія ідуць, напрыклад, праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь або якія трапляюць на тэрыторыю Беларусі. Бываюць такія выпадкі, калі даўжэйшымі коламі выяжджаюць украінцы з акупаваных украінскіх тэрыторый праз Расею, Беларусь і на Балтыйскія краіны або выкрадзеныя дзеці, старэйшыя грамадзяне апынаюцца на тэрыторыі Беларусі», — паведаміла Саламія Баброўская у эфіры «Свобода.Ранок» (праект Радыё Свабода).

Вярхоўная Рада ў 2020 годзе заявіла, што не прызнае вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Калі Ўкраіна ўсё ж разарве дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю, то пасярэднікам паміж імі павінна будзе стаць трэцяя краіна, адзначыла Баброўская. Трэцяя краіна павінна весьці перамовы і быць мадэратарам.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і забясьпечыла вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных украінскіх гарадоў.

Аляксандар Лукашэнка 18 красавіка сустрэўся з кіраўніком акупаванай Расеяй часткі Данецкай вобласьці Ўкраіны Дзянісам Пушыліным. МЗС Украіны асудзіла гэтую сустрэчу, назваўшы гэта спробай легітымізаваць «прадстаўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку». Таксама там вырашылі выклікаць амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG