Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 красавіка ў беларускіх бібліятэках пройдзе «Бібліяноч-2023»


Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Архіўнае фота
Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Архіўнае фота

Міжнародная акцыя ў падтрымку чытаньня «Бібліяноч» прымеркаваная да Сусьветнага дня кнігі і аўтарскага права, заснаванага UNESCO ў 1995 годзе, які адзначаецца штогод 23 красавіка.

Бібліятэкі пашыраюць час (з 19 да 23 гадзін) і фармат сваёй працы і арганізуюць кніжныя выставы, публічныя чытаньні, акцыі і іншыя культурныя мерапрыемствы, піша Reform.by.

Найбольш насычаная праграма чакаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі. «Тэрыторыя навукі» — гэта адзінаццаць рознага кшталту інтэрактыўных выстаў з экскурсаводамі. Шмат музыкі, арт-лябараторыя, музэй займальных навук.

«Можна будзе зьдзейсьніць займальнае падарожжа ў далёкае мінулае і вывучыць экспанаты археоляга-антрапалягічнай выставы „Скура ды косткі“, — абяцаюць арганізатары мерапрыемства, — адчуць сябе сапраўднымі дасьледчыкамі мікрасьвету і каталізатараў, а таксама дакрануцца да таямніц хімічных зьяў».

Таксама прапануюць блёк навукова-папулярных лекцый. Антраполягі раскажуць пра тое, як зьмяняліся людзі на працягу апошняй тысячы гадоў. Гісторык Алег Дзярновіч раскажа пра фрэскі Крэўскага замка. Аляксандар Доўнар — пра мастацкае аздабленьне старажытных рукапісаў. Тацяна Даўгач — пра эпідэміі ХІХ стагодзьдзя. Вадзім Урублеўскі пазнаёміць з кнігамі па генэалёгіі Беларусі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўдзельнічае ў акцыі «Бібліяноч2023» з тэмай «БібліяІмпульс». У праграме — актыўныя квэсты ад кампаніі «Квэсторыя», «Літаратурны салён» зь сябрам Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Ірынай Карнавухавай, шахматна-шашачныя турніры, «настолкі» ад Hobby World, «этнавечарына» з фолк-гуртам Guda і капэлай традыцыйнай музыкі «Анягож», чайны рытуал «Тры кубкі тэксту», лекцыі адваката, астрапсіхоляга, астроляга, нутрыцыёлага, імідж-стыліста, майстар-клясы па фантастычнай ілюстрацыі, сучасных бальных танцах, індыйскім танцы і многае іншае!

Маленькіх гасьцей пацешаць аквагрым, майстар-класы і ўзорны тэатар лялек «Васілёк», арт-тэатар Vershina, цыркавая студыя Fantasy, творчыя сустрэчы з дзіцячай пісьменьніцай Аленай Масла і пазнавальная IT-праграма ад вучэбнага цэнтра «Айціландыя».

У акцыі возьмуць удзел наступныя бібліятэкі:

У Менску:

  • Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр. Незалежнасьці, 116), тэма «БібліяІмпульс»;
  • Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І. С. Лупіновіча НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15), тэма «Тэрыторыя навукі»;
  • Рэспубліканская навуковая мэдыцынская бібліятэка (вул. Фабрыцыуса, 28), тэма «Начны абанэмэнт»;
  • Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага (пр. Газэты «Праўда», 20а), тэма «Бібліяпрыцемкі «Кніга і кампанія».
  • Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. В. Харужай, 16), тэма «Традыцыі. Тое, што нас аб’ядноўвае»;
  • Бібліятэка № 13 (вул. Народная, 43а), тэма «Кніга. Музыка. Тэатар».

У рэгіёнах:

  • Навуковая бібліятэка Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы;
  • Астравецкая раённая бібліятэка;
  • Цэнтралізаваная сыстэма дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва;
  • Сетка бібліятэк Кіраўскага раёна;
  • Бібліятэчная сетка Клічаўскага раёна;
  • Бібліятэчная сетка Крычаўскага раёна;
  • Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна;
  • Бібліятэчная сетка Хоцімскага раёна;
  • Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG