Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст з Гомля падаў яшчэ адну заяву на Азаронка, які прызнаўся ў нянавісьці да палітычных апанэнтаў


Ільля Міронаў
Ільля Міронаў

Гомельскі актывіст Ільля Міронаў падаў у МУС яшчэ адну заяву супраць Рыгора Азаронка. Падставай для гэтага стала паведамленьне прапагандыста ў Telegram ад 17 красавіка.

Пра гэта піша партал «Зеркало».

«У гэтым паведамленьні Рыгор Азаронак пацьвярджае, што адчувае нянавісьць да пэўнай групы беларусаў, якія маюць адрозныя ад яго палітычныя погляды», — гаворыцца ў заяве.

Міронаў лічыць, што гэта можа быць кваліфікавана на падставе ч. 1 арт. 130 КК (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы).

Акрамя таго, на думку Міронава, супрацоўнік дзяржТВ учыняе дзеяньні, несумяшчальныя з прафэсійнай этыкай журналіста.

Што напісаў Азаронак?

Прапагандыст з СТБ 17 красавіка пракамэнтаваў заявы Ільлі Міронава.

«Так, я адчуваю вострую непрыязь, якая пераходзіць у нянавісьць, пагарду і агіду да сацыяльнай групы, якую можна пазначыць як „змагары, бэчабанутыя, лібэралы, падзаходнікі, здраднікі, быдла, мярзотнікі, ваніты беларускага народу“. Гатовы паўтарыць гэта на любым судзе. І распальваць гэтую нянавісьць на ўсіх кірмашах», — напісаў Азаронак.

На яго думку, Мукавозчык «нешта падобнае адчувае да гэтай сацыяльнай групы».

Гісторыя з заявамі

Гэта ўжо другая заява актывіста супраць прапагандыста. У канцы студзеня Ільля Міронаў накіраваў у Сьледчы камітэт заяву з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да прапагандыста тэлеканалу СТБ Рыгора Азаронка.

Нагодай для звароту стаў відэаролік на тэлеканале СТВ «Азаронак: крок насустрач тым, хто хоча вярнуцца, — гэта сталінскі крок, гэта наймагутнейшая воля Лукашэнкі». У гэтым відэасюжэце Азаронак, на думку Ільлі Міронава, учыніў дзеяньні, «накіраваныя на ўзбуджэньне нянавісьці, варожасьці, а таксама прынізіў гонар і годнасьць групы людзей па прыкметах прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы».

Але з СК яго заяву перанакіравалі ў МУС.

14 красавіка Міронаў накіраваў заяву на аўтара «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка. Падставай стаў матэрыял пад назвай «Уцекачы шакаваныя тым, як жыцьцё рэагуе на іх высілкі яго разгайдаць».

Міронаў лічыць, што гэтым артыкулам аўтар заклікае да дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нянавісьці, варожасьці, а таксама зьнявагу годнасьці групы асобаў па прыкметах прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы. У сваёй заяве ад 14 красавіка Міронаў просіць пачаць праверку ў дачыненьні да Мукавозчыка на факт наяўнасьці ў яго артыкуле складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 130 КК, і пры пацьвярджэньні яго наяўнасьці адкрыць крымінальную справу ў дачыненьні да гэтай асобы.

Хто такі Ільля Міронаў

Міронаў вядомы сваёй ініцыятывай «Пішыце лісты», накіраванай на падтрымку палітвязьняў. Сам ён напісаў больш за 2500 лістоў. Ініцыятыва была намінаваная на Нацыянальную прэмію за дасягненьні ў галіне правоў чалавека ў 2021 годзе.

30 верасьня 2021 году Міронава затрымалі ў рамках «справы Зельцара» аб камэнтарах у інтэрнэце пасьля гібелі айцішніка Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка ў Менску. Першапачаткова Ільлі было прад’яўленае абвінавачаньне паводле арт. 130 КК аб распальваньні варожасьці. Але падчас сьледзтва абвінавачаньне не пацьвердзілася, і артыкул замянілі на 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

Больш за год Міронаў правёў у СІЗА. 24 кастрычніка 2022-га яго асудзілі на 1,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, але вызвалілі ў залі суду, бо дзень у СІЗА прыраўноўваецца да 1,5 дня ў калёніі. Міронаў сваё пакараньне ўжо адбыў. Таксама яму прызначылі штраф 6400 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG