Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэр Міронаў 12 дзён трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць жорсткіх умоваў у ізалятары


Ільля Міронаў. Архіўнае фота
Ільля Міронаў. Архіўнае фота

Ільля раказаў акалічнасьці апошняга арышту выданьню «Штодзень Гомель».

Актывіст Ільля Міронаў пасьля нядаўняга разгрому кватэры і зьнікненьня маці паехаў у суд, каб падтрымаць роднага чалавека, але сам ізноў апынуўся за кратамі. Першапачаткова пасьля затрыманьня, паводле Ільлі, яго зьмясьцілі ў камэру гомельскага ІЧУ з клапамі.

«У панядзелак мяне даставілі ў суд Савецкага раёну, дзе пасьля абеду адбыўся суд, які пастанавіў пакараць мяне 15 днямі адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй нядаўна купленага мабільнага тэлефона. Назад ехаў яшчэ з адным хлопцам, асуджаным па такім жа артыкуле, а ў ІЧУ мяне зьмясьцілі ў двухмесную маленькую камэру з трыма асуджанымі», — паведаміў Ільля.

Ён расказаў, што, як звычайна, у ізалятары пасьцельнай бялізны не было, у душ вадзілі адзін раз за 15 сутак, ручнікі і сподняе не перадавалі.

«Ежа была вельмі дрэнная: кашы, макарона, рыс — усё нейкае пераваранае, таму я цягам 12 дзён выліваў усё ва ўнітаз, трымаў галадоўку ў знак пратэсту супраць прававой сваволі», — расказаў Міронаў.

Паводле яго, днём супрацоўнікі ІЧУ пільнавалі, каб арыштанты ня спалі, нават ня клалі галаву на стол. Ноччу будзілі двойчы, выводзілі на паверку чатыры разы на дзень у кайданках.

«Кантынгент арыштантаў быў на ўзроўні: юрыст, начальнік дзяржаўнага прадпрыемства, дырэктар прыватнай кампаніі — спрэс людзі зь некалькімі вышэйшымі адукацыямі і шырокім кругаглядам», — расказаў актывіст Міронаў.

На волю Ільля Міронаў выйшаў 1 красавіка. Ад 17 сакавіка ён адбываў адміністрацыйны арышт у ІЧУ Гомля.

Яму прысудзілі 15 сутак нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Раней яго затрымлівалі 2 сакавіка. Тады ў ягонай кватэры прайшоў ператрус, маці актывіста аштрафавалі на 407 рублёў, а яго зноў арыштавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG