Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча працягнула забарону на чыгуначныя пасажырскія перавозкі ў Беларусь да 30 красавіка


Урад Польшчы ў чарговы раз працягнуў дзеяньне забароны на чыгуначныя пасажырскія зносіны зь Беларусьсю — гэтым разам да 30 красавіка, паведаміў партал Rynek Kolejowy.

«Рух пасажыраў чыгуначным транспартам, якія перасякаюць мяжу паміж Польшчай і Беларусьсю, застаецца прыпынены да 30 красавіка», — пацьвердзіў абмежаваньне прэсавы сакратар Міністэрства інфраструктуры Шыман Гупціс. «Мы пакуль ня ведаем, ці прыме міністэрства разам з урадам рашэньне яшчэ аб адным працягу», — дадаў ён.

Са свайго боку міністэрства заяўляе, што ў цяперашнім раскладзе, які дзейнічае да сярэдзіны сьнежня 2023 году, ня будзе рэйсаў у Горадню, Берасьце, Менск і іншыя гарады Беларусі.

Згодна з польскім заканадаўствам пасажырскія перавозчыкі ня маюць права ажыцьцяўляць чыгуначныя пасажырскія перавозкі ў Беларусь, прыпыненыя ад сакавіка 2020 году з прычыны пандэміі COVID-19.

Найважнейшы прававы акт у гэтай сфэры — урадавая пастанова ад 25 сакавіка 2022 году аб устанаўленьні абмежаваньняў у сувязі з надыходам эпідэміі. «Тэрмін яго дзеяньня некалькі разоў працягваўся. Напрыклад, у канцы 2022 году было абвешчана, што абмежаваньні будуць дзейнічаць да 31 сакавіка 2023 году», — удакладняе Rynek Kolejowy.

Гэты дакумэнт дапаўняецца іншай пастановай, выдадзенай у той жа пэрыяд міністрам унутраных справаў. На яго падставе не дазваляецца ўсталёўваць пасажырскія зносіны праз чыгуначныя памежныя пераходы ў Кузьніцы і Тарэспалі. Тэрмін дзеяньня гэтых абмежаваньняў не ўстаноўлены — яны павінны быць адмененыя адмыслова і асобна.

Як зазначае выданьне, хоць фармальна абодва прававыя акты зьвязаныя з пандэміяй каранавірусу, «складаныя адносіны паміж Варшавай і Менскам, хутчэй за ўсё, такімі і застануцца», прынамсі да заканчэньня вайны Расеі супраць Украіны, «у якой Беларусь стала на бок Расеі».

28 ліпеня мінулага году Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі заявіла пра зацікаўленасьць аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны зь Літвой, Латвіяй і Польшчай, доля якіх складала 20% усіх міжнародных пасажырскіх перавозак.

«З паляпшэньнем эпідэміялягічнай сытуацыі і адменай абмежаваньняў на рух грамадзянаў Беларусь неаднаразова прапаноўвала аднавіць міжнародныя пасажырскія перавозкі, але безвынікова», — зазначала міністэрства.

З таго часу сытуацыя не зьмянілася.

У 2019 годзе колькасьць пасажыраў, перавезеных чыгуначным транспартам, зь Літвой склала 380 тысячаў, зь Польшчай — 225 тысячаў, з Латвіяй — 20 тысячаў чалавек.

У краінах ЭЗ пасажырскія перавозкі чыгункай былі адноўленыя ў сярэдзіне 2021 году.

Зь Менску выконваюцца штодзённыя аўтобусныя рэйсы ў Вільню, Рыгу і Варшаву.

Чарговы этап увядзеньня Польшчай і Беларусьсю ўзаемных транспартных санкцыяў пачаўся пасьля вынясеньня 8 лютага прысуду актывісту польскай грамады ў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG