Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі міністар у справах ЭЗ: «Будзем настойваць на пашырэньні санкцый супраць Беларусі»


Польскі міністар у справах Эўразьвязу Шымон Шынкоўскі паведаміў PAP, што Польшча будзе пераконваць сваіх эўрапейскіх партнэраў у неабходнасьці пашырэньня санкцый у дачыненьні да Беларусі.

На яго думку, санкцыі супраць Беларусі мусяць быць прыведзеныя ў адпаведнасьці з раней уведзеным пакетам санкцый супраць Расеі.

«Інакш гэта прамы шлях для абыходу санкцый. Ва ўсякім разе, мы назіраем такія выпадкі», — адзначыў ён.

Ён адзначыў, што Польшча абмяркоўвае гэта пытаньне з Эўракамісіяй, а таксама размаўляе «зь іншымі партнэрамі, напрыклад з Партугаліяй, якая выклікае некаторыя сумневы ў гэтым пытаньні».

Як піша РАР, на аўторкавай канфэрэнцыі ў Бухарэсьце прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі запэўніў, што практычна штодзень размаўляе з эўрапейскімі лідарамі аб тым, як сфармаваць 11-ы санкцыйны пакет супраць Беларусі і заявіў, што заява пра разьмяшчэньне ў краіне ядзернай зброі «безумоўна, прывядзе да ўвядзеньня дадатковых санкцый супраць Беларусі», і іх узровень будзе «істотна больш жорсткім для рэжыму Лукашэнкі».

«Мы таксама ў Польшчы — таму што мы непасрэдна мяжуем зь Беларусьсю — задаемся пытаньнем, ці трэба рабіць больш жорсткімі ўсе парамэтры ў рамках нашых двухбаковых адносін грузавых і пасажырскіх перавозак, менавіта для таго, каб даслаць вельмі дакладнае паведамленьне Лукашэнку, што мы не прымаем такіх дзеяньняў, якія дэ-факта абслугоўваюць Расею ў яе агрэсіўных дзеяньнях ва Ўкраіне і агрэсіўных дзеяньнях супраць Польшчы і іншых краін ЭЗ» — сказаў Маравецкі.

  • 31 сакавіка вартыя даверу крыніцы эўрапейскага рэдактара Радыё Свабода Рыкарда Юзьвяка ў Брусэлі паведамілі, што дыскусіяў наконт новых санкцыяў ЭЗ супраць Менску пасьля заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі пакуль няма.
  • Цяпер шэраг эўрапейскіх краінаў намагаецца пераканаць Эўракамісію ў неабходнасьці паслабіць санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску, у прыватнасьці зьняць іх з вытворцаў угнаеньняў. Пакуль у гэтым пытаньні няма згоды.
  • Паводле інфармацыі Рыкарда Юзьвяка, за вывад беларускіх калійных угнаеньняў з-пад санкцый выступаюць заходнеэўрапейскія краіны — Партугалія, Бэльгія, Нідэрлянды, Францыя. Прапануецца ўнесьці Беларусь нароўні з Расеяй у пункт санкцый, які ў якасьці выключэньня дазваляе перавозіць угнаеньні ў трэція краіны ў тым выпадку, калі іх будуць выкарыстоўваць для вырошчваньня прадуктаў харчаваньня.
  • Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа нядаўна заявіў, што Літва «не паддасца ціску з мэтай зьмякчэньня санкцый супраць беларускага рэжыму», і дадаў, што супраць паслабленьня санкцый выступаюць таксама краіны Паўночнай Эўропы і балтыйскія суседзі Літвы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG