Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане завялі 10 крымінальных справаў за ўдзел у вайне ва Ўкраіне


Акцыя ў падтрымку Ўкраіны ў Алматы.
Акцыя ў падтрымку Ўкраіны ў Алматы.

Камітэт нацыянальнай бясьпекі (КНБ) Казахстана расьсьледуе 10 крымінальных справаў у дачыненьні да грамадзянаў краіны ў сувязі зь іх удзелам у вайне ва Ўкраіне. Такая інфармацыя вынікае з афіцыйнага адказу КНБ выданьню «Курсив».

Іншую інфармацыю ведамства не абвяшчае. Аб гэтым жа паведамляе агенцтва КазТАГ.

Згодна з крымінальным кодэксам Казахстана, за ўдзел ва ўзброеных канфліктах за мяжой прадугледжана пакараньне ад пяці да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі.

У камітэце не паведамляюць, на якім баку ваявалі ці ваююць казахстанцы, на якіх завялі крымінальныя справы.

Казахская служба Радыё Свабода летась пісала пра ўраджэнца Аркалыка Жасулана Дуйсембіна, які ўступіў у шэрагі Ўзброеных сілаў Украіны. Ён жыў ва Украіне яшчэ да вайны, яго жонка — украінка, і, паводле яго слоў, «пайшоў на вайну, каб абараніць сям’ю».

Таксама вядомыя імёны некалькіх казахстанцаў, якія ваявалі на баку Расеі ў шэрагах ПВК «Вагнер» і загінулі ва Ўкраіне. Пахавалі іх у Казахстане. Прычынамі іх удзелу ў вайне знаёмыя называлі «матэрыяльную цікавасьць і ідэалягічныя перакананьні».

Казахстан адкрыта не асудзіў уварваньне Расеі ва Ўкраіну. Пры гэтым Астана заяўляе, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Наўпрост аб непрызнаньні так званых «ДНР» і «ЛНР» летам мінулага года заяўляў прэзыдэнт краіны Такаеў. У ААН Казахстан як правіла ўстрымліваецца ад галасаваньня па рэзалюцыях, якія асуджаюць расейскае ўварваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG