Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Вялікдзень у Вільні пройдзе першая літургія праваслаўнай беларускай абшчыны ў юрысдыкцыі Сусьветнага Патрыярхату


Беларускі протаярэй Георгій Рой, архіўнае фота
Беларускі протаярэй Георгій Рой, архіўнае фота

У ноч з суботы на нядзелю 16 красавіка, на Вялікдзень, у лютэранскай кірсе Вільні пройдзе першае набажэнства праваслаўнай супольнасьці ў юрысдыкцыі Сусьветнага патрыярхату.

На велікодную літургію, якая будзе весьціся на беларускай мове, запрашае беларусаў протаярэй Георгій Рой. «Мы зьбіраемся ў Велікодную ноч па адрасе: Vokiečių g. 20. Пачатак велікоднай ютрані ў 0:00 гадзін», — удакладніў сьвятар у Фэйсбуку.

Сьвятары Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Георгі Рой і ярэй Аляксандар Кухта вымушаныя былі выехаць зь Беларусі ў Літву празь перасьлед уладаў за іх стаўленьне да беларускага палітычнага крызісу і расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У Літве яны зьвярнуліся да патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад ягоны амафор, бо зь меркаваньняў сумленьня не маглі заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату. Напярэдадні Дабравешчаньня Ўсясьветны патрыярх разгледзеў прашэньні беларускіх сьвятароў і прыняў іх пад свой амафор.

Пасьля гэтага Беларуская праваслаўная царква забараніла ў служэньні сьвятароў Аляксандра Кухту і Георгія Роя.

Беларускія сьвятары атрымалі роўныя правы ў Літве

Усясьветны патрыярх Варфаламей падчас нядаўняга візыту ў Вільню падпісаў з прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманіце пагадненьне, якое прадугледжвае канкрэтныя крокі для інстытуцыялізацыі ў краіне структураў Сусьветнага патрыярхату. Клірыкі Сусьветнага патрыярхату ў Літве атрымаюць такі самы праўны статус, як і сьвятары іншых традыцыйных канфэсіяў Літвы.

Пры падпісаньні пагадненьня прэм’ер-міністар Інгрыда Шыманіце, сярод іншага, не абышла ўвагай беларусаў, адзначыўшы, што «магчымасьць вызнаваць сваю веру без канфлікту з сумленьнем важная ня толькі для праваслаўных грамадзян Літвы, у тым ліку грэцкага ці ўкраінскага паходжаньня, але і для ўкраінцаў, якія ўцяклі ад разьвязанай Расеяй вайны, і для беларусаў, якія пераехалі ў Літву праз рэпрэсіі на радзіме».

У 2018 годзе Сынод Канстантынопальскага патрыярхату скасаваў грамату 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату (на пэўных умовах). У склад Кіеўскай мітраполіі на той момант уваходзіла ня толькі частка тэрыторыі сучаснай Украіны, але і тэрыторыі Літвы і Беларусі, якія ў розны час апынуліся пад сьвецкай уладай Масквы. Такім чынам, у кананічным пляне гэтыя краіны ўжо некалькі гадоў фармальна належаць да юрысдыкцыі Сусьветнага патрыярхату.

Пераход сьвятароў з РПЦ ва Ўсясьветны патрыярхат. Што гэта значыць

Два беларускія праваслаўныя сьвятары перайшлі зь Беларускай праваслаўнай царквы, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, у Канстантынопальскі (Усясьветны) патрыярхат. Гэта зрабілі Аляксандар Кухта і Георгі Рой.

Пераход з адной юрысдыкцыі ў іншую, напрыклад пры зьмене месца жыхарства, — звычайная практыка, і для яе распрацавана кананічная працэдура, якая дазваляе пазьбягаць злоўжываньняў: сьвятар просіць у свайго япіскапа дакумэнт, «адпускную грамату», якая пацьвярджае, што сьвятар не знаходзіцца пад кананічнымі пакараньнямі, да яго няма прэтэнзій з боку ранейшага кіраўніцтва.

На падставе гэтай адпускной граматы сьвятара прымае новы архірэй. У РПЦ пры пераходзе ў іншую памесную царкву патрабуецца рашэньне Сыноду, нават экзарх БПЦ МП такога рашэньня прыняць ня можа, пісала «Хрысьціянская візія».

Аднак беларускія сьвятары Кухта і Рой не маглі заставацца ў Беларусі, бо ім пагражала небясьпека з боку цывільных уладаў. Крок зьмены царкоўнай юрысдыкцыі ў іхным выпадку быў маральна вымушаны. Кіраўніцтва РПЦ падтрымала вайну, і для некаторых сьвятароў гэта з маральных прычын не дае магчымасьці заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і асацыяваць сябе зь ім.

Акрамя таго, Маскоўскі патрыярхат знаходзіцца ў зацяжным канфлікце з Усясьветным патрыярхатам. Раней Масква спыніла эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопалем, таму ў рамках звычайнай працэдуры перайсьці з адной юрысдыкцыі ў другую ў гэты момант немагчыма.

Усясьветны патрыярхат — першы сярод роўных у структуры памесных праваслаўных цэркваў, ён выступае як найвышэйшая апэляцыйная інстанцыя, таму ў выключных выпадках можа скарыстацца правам прымаць сьвятароў у сваю юрысдыкцыю без адпускной граматы. Гэтак адбылося з айцамі Кухтам і Роем.

РПЦ лічыць незаконнай любую зьмену юрысдыкцыі без захаваньня фармальнай працэдуры. Таму выдала ўказы аб забароне Рою і Кухту ў служэньні.

Але для Канстантынопаля і ўсіх памесных цэркваў, апрача РПЦ, яны дзейныя сьвятары. Усясьветны патрыярхат афіцыйна прыняў іх 6 красавіка 2023 году, і цяпер яны знаходзяцца ў прамым падпарадкаваньні патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG