Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прапаганда Лукашэнкі расьце ў Youtube. Тлумачыць мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч


Міхаіл Дарашэвіч. Каляж
Міхаіл Дарашэвіч. Каляж

Наколькі вялікая ў Беларусі аўдыторыя Youtube? За кошт чаго беларускія дзяржаўныя каналы канкуруюць у Youtube зь недзяржаўнымі? Якія недзяржаўныя каналы — лідэры беларускага Youtube? Ці выйграюць беларускія Youtube-каналы канкурэнцыю з Кацам і «Дождём»?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае мэдыяаналітык, экспэрт Digital Skills Coalition Belarus Міхаіл Дарашэвіч.

— Наколькі вялікая ў Беларусі аўдыторыя Youtube, як яна суадносіцца з аўдыторыяй тэлебачаньня? Згодна з апытаньнем, праведзеным Інстытутам сацыялёгіі НАН мінулай восеньню, ТБ — асноўная крыніца інфармацыі для 60% беларусаў. Апытаньне беларускай інтэрнэт-аўдыторыі, якое правяла тады ж Baltic Internet Policy Initiative, паказала іншую карціну: Youtube — на першым месцы, а ТБ — на пятым. Каму верыць?

— На пытаньне пра веру я адпраўляю да царкоўных установаў. Параўноўваючы дасьледаваньні, трэба глядзець мэтадалёгію. Калі гаварыць пра дасьледаваньне Інстытуту сацыялёгіі, яно праводзілася мэтадам «твар у твар», ахоплівала і гарадзкое, і вясковае насельніцтва. Але ў выпадку апытаньня дзяржаўнай установай трэба ўводзіць пэўны каэфіцыент на тое, што рэспандэнты маглі даваць адказы, якіх ад іх чакалі.

Чаму тэлебачаньне, сапраўды, даволі папулярная крыніца інфармацыі? Калі зьвярнуцца да дадзеных Белстату, то даволі істотная розьніца паміж горадам і вёскай у ахопе інтэрнэтам. У 2021 годзе ў гарадах насельніцтва ва ўзросьце 15–74 гадоў было ахопленае Сецівам на 90%, на вёсцы — 77%.

Паводле дадзеных кампаніі «Мэдыямэтр», якае вывучае аўдыторыю тэлебачаньня, прыкладна палову яе складаюць асобы ўзросту 55 гадоў і старэй. Між тым як сярод усяго насельніцтва Беларусі старэй за 4 гады людзі ўзросту 55 гадоў і старэй складаюць толькі каля траціны.

— Міхаіл, магчыма, праўда недзе пасярэдзіне. Ці можна ў цэлым сказаць, што ў Беларусі Youtube даволі пасьпяхова канкуруе з тэлебачаньнем?

— Так, безумоўна. Для беларускай інтэрнэт-аўдыторыі Youtube — важная крыніца інфармацыі.

— Ці можна назваць Youtube каналам інфармацыі, які адносна самы няўразьлівы на дзяржаўныя абмежаваньні? Вэб-сайт можна заблякаваць (так, ёсьць VPN, але ня ўсім ахвота яго ставіць), падпіска на «экстрэмісцкі» канал у Тэлеграме можа пры затрыманьні прывесьці да рэпрэсіяў. А з Youtube нібыта нічога нельга зрабіць (толькі заблякаваць яго ўвесь). І на падпіскі на Youtube сілавікі, здаецца, ня так апантана палююць. Ён і праўда адносна няўразьлівы?

— Я цалкам згодны з тым, што вы сказалі. Гэта сапраўды сумная гісторыя. І я б сказаў, што Youtube няўразьлівы ў цяперашні момант. Але могуць здарыцца нечаканасьці, якія здольныя прывесьці да істотнай зьмены сытуацыі. І тут важна глядзець на практыкі, якія выкарыстоўваюцца ў Расеі. Там мы бачым перасоўваньне кантэнту, інфлюэнсэраў з Youtube на іншыя плятформы.

Так, Youtube больш бясьпечны, чым Тэлеграм, але здарыцца можа рознае.

— На сайце InfoPolicy зь верасьня 2020 году штомесяц публікуюцца дадзеныя пра самыя папулярныя беларускія Youtube-каналы, пра колькасьць праглядаў на іх. Гаворка ідзе пра інтэрнэтызаваную аўдыторыю ўзросту 15–74 гады.

У верасьні 2020 году, у разгар пратэстаў, у Youtube панавалі недзяржаўныя каналы — Tut.by, Белсат, Радыё Свабода. Зь дзяржаўных — CTVBY з Азаронкам — на 9-м месцы.

Колькасьць праглядаў беларускіх YouTube-каналаў у верасьні 2020 году, InfoPolicy
Колькасьць праглядаў беларускіх YouTube-каналаў у верасьні 2020 году, InfoPolicy

А вось дадзеныя адносна траўня 2022 году.

Колькасьць праглядаў беларускіх YouTube-каналаў у траўні 2022 году, InfoPolicy
Колькасьць праглядаў беларускіх YouTube-каналаў у траўні 2022 году, InfoPolicy

Дзяржканалы ў Youtube ужо даволі эфэктыўна канкуруюць зь недзяржаўнымі. Чаму, за кошт чаго?

— Адказ просты. Беларусь дала Расеі ня толькі інфраструктуру ў выглядзе дарог, вайсковых базаў, палігонаў. Яна прадаставіла і інфармацыйныя рэсурсы. І гэтыя дзяржаўныя Youtube-каналы трансьлююць хутчэй расейскі парадак дня, расейскія наратывы. Гэта бачна і па структуры падпісчыкаў. У БелТА, паводле іх заяваў, ужо больш за мільён падпісчыкаў, пры гэтым 55% падпісчыкаў — з РФ. У Youtube-канала АТН такая ж доля падпісчыкаў з Расеі, у CTVBY — 42% з РФ.

Колькасьць падпісчыкаў — гэта ня колькасьць праглядаў, але гэта паказальна. Значная частка кантэнту беларускіх дзяржаўных Youtube-каналаў адрасаваная расейскай аўдыторыі.

— А вось самыя сьвежыя дадзеныя — па сакавіку гэтага году.

Колькасьць праглядаў беларускіх YouTube-каналаў у сакавіку 2023 году, InfoPolicy
Колькасьць праглядаў беларускіх YouTube-каналаў у сакавіку 2023 году, InfoPolicy

У дасьледаваньні зроблены дысклэймэр, што з аналізу выключаныя каналы «NEXTA Live» і «ВОТ ТАК», паколькі іх кантэнт мала закранае беларускую тэматыку. Тым ня менш яны паводле праглядаў апярэджваюць усіх. Але нават з улікам гэтага параўнаньне дадзеных траўня 2022 году і сакавіка 2023 году паказвае яшчэ большы рост папулярнасьці дзяржканалаў у Youtube. Чаму гэта адбылося?

—З пачатку поўнамаштабнай вайны, зь лютага 2022 году дзяржканалы не перастаюць трансьляваць расейскія наратывы. Калі гаварыць пра каналы «NEXTA Live» і «ВОТ ТАК», у іх па 1,1 мільёна падпісчыкаў — больш, чым у БЕЛТА. У «NEXTA Live» чвэрць падпісчыкаў з Расеі, у «ВОТ ТАК» — 44%. А доля беларускіх падпісчыкаў у абодвух каналаў па 13%.

— Што спараджае ў Расеі попыт на прадукцыю БЕЛТА і CTVBY у Youtube? Ім мала сваіх Салаўёва і Скабеевай?

— У мяне няма пэўнага адказу. Здаецца, была расьсьледавальніцкая публікацыя «Голасу Амэрыкі», у якой расказвалася, як беларускія дзяржаўныя наратывы прасоўваюцца для расейскай аўдыторыі з выкарыстаньнем альгарытмаў кампаніі Google, у склад якой уваходзіць і Youtube. Натуральная гіпотэза, што гэтае прасоўваньне падтрымліваецца вялікімі грашыма.

— А цяпер — пра беларускія недзяржаўныя Youtube-каналы. У сакавіцкай 2023 году справаздачы InfoPolicy у лідэрах — «Реальная Беларусь», «Белсат NEWS», «Euroradio Live». У папярэдніх справаздачах часта ў лідэрах былі «Зеркало», «Маланка Медыя», «Жизнь-малина», «Наша Ніва», «BalaganOFF», Радыё Свабода. А якія зь недзяржаўных каналаў у лідэрах у сярэднім? І наколькі гэтае лідэрства зьмяняецца ад месяца да месяца?

— Усе пералічаныя вамі каналы сапраўды ў лідэрах. Яны штомесяц трапляюць як мінімум у ТОП-30 самых папулярных каналаў. Яны, зразумела, мяняюцца месцамі ў гэтых рэйтынгах. Скажам, у сакавіцкай 2023 году справаздачы «Зеркало» на 12-й пазыцыі, «BalaganOFF» — на 14-й, канал Паўла Латушкі — на 15-й, «Страна для жизни» — на 16-й. Там прысутнічаюць і «Маланка Медыя», і «ЧестнОК», і DW Belarus, і Радыё Свабода.

— Як мы высьветлілі, у беларускіх Youtube-каналаў досыць вялікая аўдыторыя ў Расеі. А наадварот? Вядучая «Дождя» Ганна Мангайт казала ў інтэрвію РС, што падчас пратэстаў 2020 году траціна беларусаў глядзела «Дождь». Максім Кац кажа, што тады, падчас пратэстаў, ён быў самым папулярным відэаблогерам Беларусі. Наколькі расейскія Youtube-каналы цяпер папулярныя ў Беларусі, ці складаюць яны канкурэнцыю беларускім?

— Я прааналізаваў 6 расейскіх Youtube-каналаў — «Дождь», «Настоящее время» і каналы Каца, Дудзя, Гардзеевай і Фейгіна. У «Дождя» — 3,8 мільёна падпісчыкаў, 6% зь іх — зь Беларусі. Гэта выходзіць больш за 200 тысячаў беларусаў. А рэальная аўдыторыя можа быць і большая, бо некаторыя глядзяць канал, не падпісваючыся на яго. У «Настоящего времени» 3,2 мільёна падпісчыкаў, зь іх 4% — гэта беларускія падпісчыкі, гэта каля 100 тысячаў. У канала Максіма Каца 1,7 мільёнаў падпісчыкаў і 8% зь іх — зь Беларусі, у Дудзя гіганцкая колькасьць падпісчыкаў — 10,3 мільёна. 4% зь іх — зь Беларусі, гэта 400 тысячаў беларусаў.

Гэта паказвае істотны ўплыў расейскіх Youtube-каналаў.

Можна параўнаць з падпіскамі на беларускія незалежныя каналы: у «Маланкі» — 123 тысячы падпісчыкаў, у «Зеркала» — 200 тысячаў, у «Страны для жизни» — 272 тысячы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG