У Расеі мужчыну, якога падазраюць у жаданьні далучыцца да ўкраінскіх войскаў, адправілі на прымусовае лячэньне

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мужчыну падазраюць таксама і ў тым, што ён хацеў далучыцца да «Легіёну свабоды Расеі».

У Расеі суд Цьвярской вобласьці адправіў на прымусовае лячэньне Сяргея Коліна, якога абвінавацілі ў жаданьні ўступіць ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Яго прызналі неасудным і вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці, піша «ОВД-Инфо».

Коліна затрымалі год таму ў Цьвярской вобласьці. Па вэрсіі сьледзтва, ён выказваў сваю падтрымку Ўкраіне падчас правядзеньня «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як у Расеі называюць вайну з Украінай. Сьледчыя таксама сьцьвярджаюць, што Колін зьбіраўся далучыцца да «Легіёну свабоды Расеі» — падразьдзяленьня Ўзброеных сіл Украіны, сфармаваным у асноўным з расейскіх добраахвотнікаў і ваеннапалонных.

Вярхоўны суд Расеі прызнаў «Легіён свабоды Расеі» тэрарыстычнай арганізацыяй.

Да суду Колін знаходзіўся ў сьледчым ізалятары № 1 Цьвярской вобласьці РФ. У гэтым жа СІЗА знаходзіўся абвінавачаны ў справе аб фэйках аб расейскім войску і закліках да экстрэмізму Андрэй Трафімаў. Паводле яго, на яго таксама завялі справу аб спробе ўступіць у «Легіён свабоды Расеі».

Трафімаў расказаў і пра іншых людзей, якія знаходзяцца зь ім у СІЗА, у тым ліку і пра Коліна, якога назваў трэш-блогерам. У сакавіку мінулага году тэлеграм-канал «112» пісаў, што падчас аднаго з трэш-стрымаў Коліна памёр чалавек. Па дадзеных «112», блогер быў вядомы тым, што знаходзіў бяздомных людзей і прымушаў іх напівацца на камэру.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны ўлады Расеі сталі перасьледаваць грамадзян за выказваньне антываеннай пазыцыі. Па дадзеных «Медиазоны», па адміністрацыйным артыкуле аб дыскрэдытацыі расейскай арміі адкрыта больш за шэсьць тысяч спраў. Па крымінальных артыкулах за антываенную пазыцыю перасьледуюць больш за 500 чалавек.

​
XS
SM
MD
LG