Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хавайся ў бульбу, Рыгорыч!». Ці падпусьціць Пуцін Лукашэнку да ядзернай кнопкі


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Заява Лукашэнкі пра тое, што рашэньне аб прымяненьні ядзернай зброі, якую зьбіраюцца разьмясьціць у Беларусі, ён будзе прымаць сумесна з Пуціным, надала гэтай тэме асаблівы акцэнт. Значыць, на кнопку будуць ціснуць два пальцы? (У пераносным сэнсе, зразумела). Але наколькі такі варыянт рэальны?

Калі «не да сакрэтаў»

Зазначым: канцлер Нямеччыны, прэм’еры Нідэрляндаў і Бэльгіі, прэзыдэнт Турэччыны (і цяперашнія, і папярэднія) ніколі не заяўлялі, што будуць сумесна з прэзыдэнтам ЗША прымаць рашэньне наконт выкарыстаньня амэрыканскай ядзернай зброі, якая знаходзіцца на тэрыторыі іх краінаў. Пры тым, што спакуса ўзьняць такім чынам свой аўтарытэт дастаткова вялікая.

Ці азначае гэта, што яны апрыёры пазбаўленыя магчымасьці такога сумеснага рашэньня? Тут застаецца месца для вэрсіяў.

Бясспрэчна: пратакол ужываньня ядзернай зброі, ці, кажучы простай мовай, парадак яе прымяненьня, належыць да самых надзвычайных дзяржаўных таямніц. У прававой дзяржаве за выдаваньне такіх сакрэтаў чыноўнік нават самага высокага рангу пойдзе пад суд. У дзяржаве, дзе «не да законаў», кіраўнік краіны можа гаварыць што заўгодна абсалютна беспакарана.

Усё будуць вырашаць сэкунды

Але існуе чыста тэхнічны аспэкт. У прымяненьні ядзернай зброі, як стратэгічнай, так і тактычнай, аднаму з галоўных законаў вайны — раптоўнасьці і нечаканасьці — надаецца надзвычайная роля.

Прычына вельмі простая: ядзерная зброя зьяўляецца першай мішэньню для праціўніка. І калі праціўнік таксама валодае ядзернай зброяй, першыя ракеты паляцяць не ў гарады-мільёньнікі, як гэта прынята лічыць, а менавіта ў месцы разьмяшчэньня ядзернай зброі (і ў пункты прыняцьця рашэньняў аб яе прымяненьні).

І пры гэтым агульнавядома, што «выйгрыш» (калі можна ўжыць такое слова) у выпадку ядзернага канфлікту паміж ЗША і Расеяй складзе хвіліны: запуск ракет будзе зафіксаваны яшчэ на старце, і ў адказ праціўнік запусьціць свае ракеты. Гэта будзе гарантаванае ўзаемнае зьнішчэньне, філязофскі аспэкт якога ў свой час глыбока раскрыў Алесь Адамовіч.

Як хутка запусьцяць ракеты ў адказ? Нагэтулькі хутка, як магчыма.

Можна меркаваць, што рашэньне кіраўнік дзяржавы будзе прымаць літаральна цягам дзьвюх-трох хвілінаў — сумесна з вышэйшым вайсковым кіраўніцтвам. Ці хопіць у яго часу запытаць думку ў лідэра іншай краіны?

Хто трымаў «ядзерны чамаданчык»

І вось тут хачу прыгадаць адзін прадмет у інтэр’еры кабінэту старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча на пятым паверсе будынку па вуліцы Карла Маркса ў Менску. Гэта быў той самы кабінэт, які дзесяцігодзьдзямі займалі першыя сакратары ЦК КПБ — аздоблены драўлянымі панэлямі, зь вялікай кніжнай паліцай, з трыма вокнамі, якія выходзілі на сквэр перад Домам афіцэраў. Інтэр’ер застаўся з часоў Машэрава: адзінае, партрэт Леніна работы Міхася Савіцкага Шушкевіч замяніў на партрэт Скарыны.

Ля пісьмовага стала, па правы бок ад крэсла гаспадара кабінэту, быў меншы стол з тэлефонамі, а праваруч, на асобным століку, у плексыглясавым футарале, стаяў чырвоны тэлефонны апарат.

На пытаньне, для якіх ён мэтаў, Шушкевіч адказаў, што гэта тэлефон прамой сувязі з прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным. Але не для звычайнай размовы (для звыклых кантактаў існавала так званае «ВЧ»), а на выпадак выкарыстаньня ядзернай зброі. Такія ж тэлефоны былі і ў кабінэтах Краўчука і Назарбаева — як вядома, на тэрыторыі Ўкраіны і Казахстану, як і на тэрыторыі Беларусі, таксама была разьмешчаная ядзерная зброя.

Кодаў запуску ракет (так званага «ядзернага чамаданчыка») у лідэраў Беларусі, Украіны і Казахстану, аднак, не было — яны былі толькі ў кіраўніцтва Расеі. І прымаць рашэньне пра запуск ракет мог толькі Ельцын. А больш дакладна, сумесна зь яшчэ дзьвюма асобамі: міністрам абароны і начальнікам Генэральнага штабу Расеі, у якіх таксама былі «ядзерныя чамаданчыкі».

Думаю, Шушкевіч як чалавек, зьвязаны з дакладнымі навукамі і тэхнікай, цудоўна разумеў вартасьць свайго «ўдзелу» ў прыняцьці рашэньня, на якое даваліся некалькі хвілінаў. У самым лепшым выпадку Ельцын мог праінфармаваць кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Казахстану, што неўзабаве паляцяць ракеты і, па дабрыні душэўнай, параіць ім як мага хутчэй бегчы ў бамбасховішча, бо праз хвілінаў 15-20 па іхных краінах будзе нанесены ядзерны ўдар у адказ.

(У дужках адзначу факт, пра які, калі не памыляюся, ніхто і ніколі яшчэ не казаў: у Вярхоўным Савеце, які ўзначальваў Шушкевіч, быў чалавек, адным з паўнамоцтваў якога якраз і было прыняцьце рашэньня, сумесна з прэзыдэнтам і міністрам абароны Расеі, аб нанясеньні ядзернага ўдару. І ён трымаў «ядзерны чамаданчык» у самым літаральным сэнсе.

Гэта быў дэпутат ад Хоцімскай выбарчай акругі № 307 Магілёўскай вобласьці Віктар Дубынін, у мінулым — камандуючы знакамітай 40-й арміяй (той, што была ў Афганістане), затым — камандуючы Барысаўскай арміяй, потым — камандуючы Паўночнай групай войскаў, а ў 1992-м — начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны РФ. Але пабыў ён на гэтай пасадзе ўсяго некалькі месяцаў — у лістападзе таго ж 1992 году ва ўзросьце 49 гадоў памёр ад раку. Месца генэрала Дубыніна ў Авальнай залі было праз два крэслы ад месца дэпутата ад Шклоўскай выбарчай акругі № 310 Аляксандра Лукашэнкі).

Ці спыніць Лукашэнка ядзерны ўдар?

Але вернемся з 90-х у наш час. У выпадку са зброяй стратэгічнай, калі ракеты паляцяць на сотні ці нават тысячы кілямэтраў, а маштабы разбурэньняў і колькасьць ахвяраў будуць гіганцкімі, усё сапраўды будуць вырашаць сэкунды.

У сытуацыі з тактычнай ядзернай зброяй (меншая магутнасьць боегаловак і меншая адлегласьць палёту) часу будзе не нашмат больш: лётчыку, каб заняць месца ў кабіне і падняць самалёт, спатрэбіцца некалькі хвілінаў.

У абодвух выпадках рашэньне будзе прымацца хутка. На палітычныя кансультацыі з Аляксандрам Рыгоравічам часу ня будзе.

І давайце ўявім сабе сытуацыю, пры якой Лукашэнка не пагаджаецца з кіраўніком Расеі і заяўляе:

«Я супраць. Памятаеш, Уладзімір, я яшчэ пасьля выступу Макрона казаў, што ўсю ядзерную зброю трэба сабраць у адным месцы ды зьнішчыць!».

Ці будзе ў Лукашэнкі тэхнічная магчымасьць спыніць нанясеньне ядзернага ўдару? Толькі адным спосабам: аддаць загад лётчыкам не падымаць самалёты ў неба.

Калі ядзерная зброя будзе падвешаная на самалётах беларускіх Вайскова-паветраных сілаў, — так, такое магчыма. Вось жа і заяўляла расейскае кіраўніцтва, што навучылі беларускіх лётчыкаў адпаведным чынам і самалёты беларускія пераабсталявалі.

Але хто сказаў, што, калі ў Беларусь прывязуць ядзерныя боегалоўкі, іх будуць выкарыстоўваць менавіта беларускія, а не расейскія самалёты? Расейскіх самалётаў сёньня ў Беларусі, здаецца, хапае. І кантралюе іх зусім ня Менск.

Тут дарэчы будзе прыгадаць, што амэрыканская ядзерная зброя ў эўрапейскіх краінах належыць менавіта амэрыканскім вайсковым падразьдзяленьням, яна разьмешчана на амэрыканскіх авіябазах, ахоўваецца амэрыканскімі спэцназаўцамі і для яе ў ангарах стаяць амэрыканскія самалёты. У Беларусі з расейскімі боегалоўкамі будзе інакш?

Цалкам магчыма, што мае рацыю Юры Дракахруст, калі кажа, што Масква і Менск сьвядома гуляюць у нявызначанасьць адносна кантролю над ядзерным узбраеньнем у выпадку яго разьмяшчэньня ў Беларусі, каб трымаць Захад у няпэўнасьці. Як палітычна-псыхалягічны крок гэта цалкам рэальна.

І ўсё ж больш верагодна, што, калі б справа дайшла да самага горшага — барані Божа, вядома, — адзінае, што сказаў бы Ўладзімір Уладзіміравіч Аляксандру Рыгоравічу — гэта параіў бы схавацца.

Да Дубая даляцець ужо не пасьпее, дык хоць у бульбу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG