Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Львова паведамілі, што ў іх не засталося ніводнага храма, які належыць УПЦ Маскоўскага патрыярхату


Вернікі львоўскага Сьвята-Георгіеўскага катэдральнага сабору, які належаў УПЦ МП, 5 красавіка прагаласавалі за пераход у аўтакефальную Праваслаўную царкву Ўкраіны
Вернікі львоўскага Сьвята-Георгіеўскага катэдральнага сабору, які належаў УПЦ МП, 5 красавіка прагаласавалі за пераход у аўтакефальную Праваслаўную царкву Ўкраіны

У горадзе зьнесьлі адну царкву, незаконна пабудаваную УПЦ МП, а іншыя цэрквы і памяшканьні перайшлі ў карыстаньне Праваслаўнай царквы Ўкраіны і рэабілітацыйнага цэнтру для вайскоўцаў.

Мэр Львова Андрэй Садавы заявіў, што ў горадзе не засталося ніводнай царквы, якая належыць Украінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).

«Дзякую ўсім, хто далучыўся і вельмі годна, без правакацый, за гэтыя два дні завяршылі гісторыю Маскоўскага патрыярхату ў нашым горадзе. За павагу да закону, стрыманасьць і талерантнасьць. Перад Вялікаднем у роднай хаце мусіць быць парадак», — паведаміў Андрэй Садавы ў сваім тэлеграм-канале.

Мэр Львова ўдакладніў, што ў горадзе зьнесьлі адну царкву, якую УПЦ МП пабудавала незаконна, а іншыя цэрквы і памяшканьні перайшлі ў карыстаньне адпаведна аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Ўкраіны і Першага мэдычнага аб’яднаньня, дзе будзе створаны рэабілітацыйны цэнтар для вайскоўцаў.

Што адбываецца ў Кіева-Пячорскай лаўры

У Кіева-Пячорскай лаўры сьвятары УПЦ МП працягваюць адпраўляць службы са сваімі вернікамі ў адной з цэркваў. Вернікі кожны дзень прыходзяць на тэрыторыю Кіева-Пячорскай лаўры і спрабуюць малітвамі адстаяць права на выкарыстаньне храмаў.

Колішні настаяцель Кіева-Пячорскай лаўры мітрапаліт Павел знаходзіцца пад хатнім арыштам з 1 красавіка. Яму выставілі падазрэньні ў парушэньні раўнапраўя грамадзян у залежнасьці ад іх рэлігійных перакананьняў і апраўданьні ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Улады Ўкраіны заяўлялі, што ня будуць сілай прымушаць вернікаў і манахаў пакінуць Кіева-Пячорскую лаўру. У той жа час сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў падкрэсьліў, што цяпер нарматыўна-прававыя дакумэнты УПЦ МП не адпавядаюць заканадаўству Ўкраіны і яна мусіць прайсьці перарэгістрацыю, але для гэтага царква не павінна мець дачыненьня да Расейскай праваслаўнай царквы.

Згодна з інфармацыяй Службы бясьпекі Ўкраіны, праваахоўныя органы расьсьледуюць крымінальныя справы супраць 61 сьвятара УПЦ МП. Суды абвясьцілі выракі 7 сьвятарам, якія сталі на бок Расеі.

Адначасова 19 сьвятароў пазбавілі ўкраінскага грамадзянства і ініцыявалі прымусовае вяртаньне двух прадстаўнікоў УПЦ МП у краіну паходжаньня, паколькі яны мелі грамадзянства Расеі.

13 сакавіка стала вядома, што Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла УПЦ МП пра разрыў з 29 сакавіка дамовы аб бясплатным выкарыстаньні Кіева-Пячорскай лаўры.

На чарзе яшчэ адна лаўра?

Раніцай 7 красавіка стала вядома, што парлямэнцкі камітэт па гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі разглядае праект пастановы аб звароце да ўраду Ўкраіны з ініцыятывай разарваць з УПЦ МП дамову арэнды комплексу Пачаеўскай Усьпенскай лаўры.

Гэты праваслаўны манастыр у статусе лаўры знаходзіцца ў Цярнопальскай вобласьці. У канцы сакавіка ў Цярнопальскай абласной радзе адбылося пасяджэньне працоўнай групы аб законнасьці выкарыстаньня сьвятарамі УПЦ МП Пачаеўскай Сьвята-Ўсьпенскай лаўры.

Найбліжэйшым часам абласная рада зьвернецца ў Пачаеўскую гарадзкую раду з ініцыятывай перадаць тэрыторыю лаўры ў дзяржаўную ўласнасьць. Цяпер рэлігійны аб’ект знаходзіцца ў камунальнай (гарадзкой) уласнасьці, што супярэчыць украінскаму заканадаўству. Пасьля гэтага мясцовыя ўлады хацелі ініцыяваць разрыў дамовы з УПЦ МП аб арэндзе лаўры.

2 сьнежня 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне рэлігійных арганізацый, афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі.

Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, — гэта Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Летась у траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадку аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінскай праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG