Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У калёніі ўсё створана, каб выбіць глебу з-пад ног, каб чалавек упаў духам», — былая палітзьняволеная Класкоўская


Вольга Класкоўская пасьля вызваленьня
Вольга Класкоўская пасьля вызваленьня

Журналістка Вольга Класкоўская адбыла ў зьняволеньні 791 дзень. За гэты час яе двойчы судзілі ў палітычна матываваных крымінальных справах, яна прайшла праз 10 этапаў і адбыла ў ШЫЗА і ПКТ агулам амаль 5 месяцаў.

Сваю гісторыю зьняволеньня Вольга Класкоўская расказала «Вясьне».

«У зьняволеньні цябе прымушаюць быць шэрай масай»

Класкоўская адзначае, што калёніі зьняволеным жанчынам ставараюць такія ўмовы, якія забіваюць іх прагу даглядаць сябе.

«Усьведамленьне таго, што ты добра выглядаеш, падымае настрой, а ты павінен быць шэрай масай, не павінен усьміхацца, бо, як шмат хто з супрацоўнікаў казаў, „у турме павінна быць голадна, холадна і сыра“, бо „зэк мусіць пакутаваць“. І вельмі часта ўсьмешкі жанчын, палітзьняволеных асабліва, выклікалі раздражненьне ў людзей у пагонах. Мне асабіста рабілі заўвагі за гэта, і неаднойчы.

Гэтыя быдлячыя ўмовы — усё гэта вельмі прадумана, каб цалкам выбіць глебу з-пад ног, каб чалавек страціў сваю ідэнтычнасьць, зламаўся, упаў духам. Усё зроблена, каб паралізаваць тваю волю, каб вынішчыць думкі пра які-кольвек супраціў. Каб ты адчуваў сябе слабым, непаўнавартасным, бездапаможным, вінаватым, бо такімі людзьмі лягчэй кіраваць і маніпуляваць, іх лягчэй кантраляваць», — расказала Вольга.

Расказваючы пра этапы (пераезды ў розныя месцы зьняволеньня), Класкоўская згадала, што ў гомельскую калёнію яна адразу з аўтазака трапіла ў санчастку з моцным крывацёкам, які адкрыўся ў яе яшчэ да этапу.

«Там я праляжала амаль месяц пад кропельніцамі. Калі я выйшла з санчасткі, напружаньне ва ўзаемаадносінах з адміністрацыяй стала яшчэ больш прыкметным: большую частку часу я праводзіла ў ШЫЗА і ПКТ, агулам гэта каля 5 месяцаў».

«Зразумела, што трэба будзе выжываць, прычым лепей гэта рабіць з добрым настроем»

Былая палітзьняволеная ўзгадвае, што адныя зь першых жанчын, асуджаных у палітычных справах, доўгі час верылі, што хутка іх усіх вызваляць, але з часам прыходзіла разуменьне, што тэрміны ім давядзецца сядзець да канца:

«Зь цягам часу да мяне прыйшло асэнсаваньне таго, што давядзецца сядзець увесь тэрмін плюс той, што ў новай справе я атрымала. Бо на пачатку палітвязьні „першай хвалі“ амаль што ўсе спадзяваліся, што мы ня будзем сядзець усе тэрміны і значна раней выйдзем на волю. Але праз час, улічваючы палітычна-грамадзкую сытуацыю ў краіне і тое, што рэпрэсіі толькі ўзмацняліся, мы адчувалі і зрабілі выснову, што прыйдзецца сядзець увесь тэрмін. Надзеі мы, вядома, ня страчвалі, але асэнсавалі, што трэба так ці інакш зьмірыцца з абставінамі, прыняць гэтую рэчаіснасьць, а таксама ўсьвядоміць, што жыцьцё ў любым выпадку працягваецца і за кратамі, а мы ўсё роўна застаемся жанчынамі і ніякая сыстэма нашую жаноцкасьць і жыцьцярадаснасьць зацерці ня ў стане.

А калі я прыняла гэты факт, то больш спакойна да шмат якіх рэчаў пачала ставіцца. Увогуле стала больш спакойнай, больш вытрыманай і больш, як мне здаецца, мудрай. „Добра, — думаю, — раз так, значыць, давядзецца неяк выжываць, прычым лепей гэта рабіць з добрым і пазытыўным настроем. Раз не выпускаюць, то буду карыстацца касмэтыкай, напрыклад“».

Вольга Класкоўская пасьля вызваленьня
Вольга Класкоўская пасьля вызваленьня

«Страціла больш за 15 кіляграмаў вагі»

У часе адседак у ШЫЗА і ПКТ Класкоўская прыкметна пачала губляць вагу.

«Шматлікія этапаваньні, адсутнасьць нармальнага харчаваньня і страта апэтыту, стрэс, вядома, у выніку прывялі да таго, што я страціла даволі шмат вагі — больш за 15 кіляграмаў. Ня маю нічога супраць гэткіх зьменаў, я пачуваюся значна камфортней з новай вагой, але, безумоўна, такой дыеты нікому ня раю.

Апроч гэтага, ад моцнага крывацёку і, як наступства, нізкага гемаглябіну ў мяне вельмі трэсьліся рукі і, калі я пайшла ў сталовую з атрадам, я не змагла есьці суп. Рукі дрыжэлі так, што я не магла трымаць у іх лыжку. З часам я проста пачала яго піць з талеркі, калі можна назваць, вядома, талеркай гэтае алюмініевае прыстасаваньне».

Вольга адзначае, што дрэнныя ўмовы, створаныя адміністрацыя, вельмі кепска адбіваюцца на стане валасоў, скуры і пазногцяў:

«Праз адсутнасьць збалянсаванага харчаваньня, брак вітамінаў, а таксама хранічны стрэс (шмат хто з нас сутыкаецца зь ім), валасы робяцца ломкімі і цьмянымі. Шмат у каго валасы пачынаюць выпадаць. На так званую лазьню, што раз на тыдзень, даецца катастрафічна мала часу — каля 15 хвілінаў, а за гэты час трэба ж яшчэ пасьпець разьдзецца і адзецца. Добра памыцца не пасьпяваеш. Проста размазваеш па сабе бруд, так бы мовіць. Шампунь не вымываецца. І на стане валасоў усе гэта вельмі адбіваецца. Тое самае адбываецца і з пазногцямі.

І гэта, безумоўна, зьдзек — не даваць магчымасьці нармальна памыцца. Мы ж амаль увесь час у галаўным уборы, галава пацее, асабліва калі лета. Галава ўвесь час сьвярбіць, валасы ўвесь час брудныя, зьяўляецца перхаць».

Адныя майткі на ўвесь тэрмін ШЫЗА

У ШЫЗА, паводле Вольгі Класкоўскай, пры сабе можна мець толькі туалетную паперу, зубную шчотку, пасту, ручнік і мыла.

«Калі мы прымаем у ШЫЗА душ, а гэта раз на тыдзень, то можна папрасіць, каб з атраду прынесьлі шампунь і мачалку. Там нават не было люстэрка і гарачай вады, што рабіла немагчымымі элемэнтарныя гігіенічныя інтымныя жаночыя працэдуры. Вельмі-вельмі рэдка, і то пасьля адпаведных зваротаў, выдавалася плястыкавая бутэлька зь цёплай вадой. Але гэта ўсё было вельмі нязручна і нерэгулярна.

І камэры ШЫЗА абсталяваныя відэкамэрамі, і ўвесь час могуць глядзець у вочка, і ніякай асабістай прасторы. Таму, нават калі ты выпрасіш гэтую бутэльку, ты ў такім стрэсе абмываесься, што больш атрымліваеш стрэс, чым нейкія станоўчыя эмоцыі. Аднойчы я правяла запар 30 сутак у ШЫЗА і за ўвесь гэты час мне не далі грабянца для валасоў.

Пра які догляд сябе можна гаварыць, калі нават майткі ў ШЫЗА ты можаш мець толькі адны. У маім выпадку было так. І толькі калі пачаўся чарговы моцны крывацёк, мне дазволілі перадаць у камэру яшчэ адну пару ніжняй бялізны».

«Нашыя палітзьняволеныя дзяўчаты і жанчыны — усе як адна прыгажуні»

У канцы свайго расповеду Вольга зазначыла, што самае важнае, што ёсьць у чалавека — «унутраная прыгажосьць».

«Не бывае вонкавай прыгажосьці без прыгажосьці ўнутранай. Усе нашыя палітзьняволеныя дзяўчаты і жанчыны — яны ўсе як адна прыгажуні. І гэта не залежыць ад таго, з касмэтыкай яны ці не. Яны заўсёды ўзьнёслыя, у іх адухоўленыя твары, разумныя вочы, годная пастава, высока паднятая галава, шчырая, сьціплая, сумнаватая ўсьмешка. Такія людзі адразу вылучаюцца з натоўпу.

І нават калі ты яшчэ ня ведаеш чалавека асабіста, толькі ўбачыў яго мімаходзь, на адлегласьці, але ты адразу разумееш, што гэта блізкі табе па духу чалавек, твой аднадумца, ты яго беспамылкова вылічваеш і адчуваеш. У такога чалавека заўсёды сьвецяцца вочы, бо ўнутранае сьвятло, шчырасьць і цеплыня праяўляюцца менавіта ў вачах, і ніякая турэмная роба не забярэ сьвятло і цеплыню. Хай вочы і не нафарбаваныя, а часам мо і стомленыя ці заплаканыя, але яны ўсё роўна самыя прыгожыя, яны сьвецяцца, яны жывыя — і ў іх такая бяздонная глыбіня!»

Вольга пажадала ўсім палітвязьням як мага хутчэй вярнуцца дахаты, а сваякам палітвязьняў моцы і вытрымкі:

«Калі ласка, ніколі ня страчвайце надзеі і веры! Гэтая цемра не назаўсёды!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG