Аляксандар Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць гучныя публічныя заявы, каб паказаць Беларусь як сувэрэнную дзяржаву, нягледзячы на яе цяперашнюю фактычную акупацыю расейскімі войскамі, гаворыцца ў чарговай зводцы экспэртаў амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) пра зварот Лукашэнкі 31 сакавіка.
Паводле аналітыкаў, Лукашэнка, верагодна, імкнецца выкарыстоўваць наратыў аб тым, што Беларусь — цалкам сувэрэнная дзяржава і раўнапраўны партнэр Расеі ў «саюзнай дзяржаве», каб ужыць інфармацыйныя рычагі і патрабаваць ад расейскіх войскаў пакінуць Беларусь пасьля завяршэньня расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- 31 сакавіка Аляксандар Лукашэнка ў пасланьні да парлямэнту і беларускага народа падтрымаў разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі, аргумэнтаваўшы гэта патрэбай захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьць краіны, і заявіў, што кантроль над ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі будзе ў беларускіх уладаў. На паседжаньні прадстаўнікі Расеі і Беларусі заявілі, што кантроль над ядзернай зброяй будзе ў Масквы, абвергшы словы Лукашэнкі.
- Аб разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі на мінулым тыдні аб’явіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, абгрунтаваўшы гэтае рашэньне просьбай беларускага кіраўніцтва.
- Беларусь садзейнічае Расеі ў яе вайне супраць Украіны, аднак наўпрост ня ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях. Пры гэтым у краіне разьмешчаны расейскі кантынгент і ваенная авіяцыя. Сховішча для тактычнай ядзернай зброі, паводле Пуціна, павінна быць пабудавана да 1 ліпеня. Пляны разьмясьціць гэтую зброю ў Беларусі выклікалі асуджэньне ЗША і іх саюзьнікаў.
- У РНБА Украіны пасьля заявы Пуціна адзначылі, што Крэмль узяў Беларусь у «ядзерныя закладнікі». NATO называе ядзерную рыторыку Расеі небясьпечнай і безадказнай.