Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацеў бы аказацца на месцы сына». Дэталі пра затрыманьне Арцёма Лябедзькі ад бацькі


Анатоль і Арцём Лябедзька. Каляж
Анатоль і Арцём Лябедзька. Каляж

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а цяпер прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парлямэнцкай супольнасьцю Анатоль Лябедзька расказвае, як затрымлівалі і судзілі ягонага сына Арцёма. Апазыцыйны палітык лічыць гэта палітычнай замовай.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты інтэрвію

«Арцём гаварыў, што будзе жыць у Беларусі»

— У аўторак 28 сакавіка ў Менску затрымалі вашага сына Арцёма Лябедзьку. Затрымлівалі нібы супрацоўнікі КДБ, пасьля яго завезьлі ў Кастрычніцкі РУУС, і сёньня меўся адбыцца суд. Што вядома на момант нашай размовы?

— Арцём застаецца ў вязьніцы. Так званая судзьдзя дала яму 15 содняў. Інкрымінавалі тое, што ён учора а 8 вечара прыйшоў да будынку РУУС, лаяўся брыдка, размахваў рукамі, правакаваў супрацоўнікаў сілавых структураў... Гэта была палітычная замова. Будзем жыць гэтыя дні, чакаць, ня ведаючы, якая можа быць далейшая пэрспэктыва.

— Ці маглі б вы расказаць пра сына? Колькі яму гадоў, чым займаецца?

— Арцём — не публічная фігура, да палітыкі ня мае ніякіх адносін... Як у чалавека, як у грамадзяніна ў яго ёсьць нармальная жыцьцёвая пазыцыя. Мой сын абсалютна заўсёды на зялёнае сьвятло вуліцу пераходзіць. У яго няма ніякіх хібаў, слабых бакоў. Ён скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ. У яго сям’я, дачка. У нас вельмі моцная сямʼя, мы адзін аднаго абсалютна разумеем. Я разумею, што яму зараз няпроста, і адчуваю сваю адказнасьць.

«Я хацеў бы гэтую ноч быць на месцы сына ў Кастрычніцкім РУУС»

— Я так разумею, што гэта было сьвядомае рашэньне вашага сына — заставацца ў Беларусі, што ён разумеў усе рызыкі жыць у Беларусі з прозьвішчам Лябедзька. Ці пераконвалі вы яго выехаць?

— Натуральна, што размовы былі ня раз і ня два. У нас ёсьць такая рыса — упартасьць. Я і сам ня думаў зьяжджаць. Паехаў на адно мерапрыемства па канстытуцыйнай рэформе, так і застаўся. Ня думаў ніколі, што буду на нейкі час за межамі Беларусі. І Арцём гаварыў, што будзе жыць у Беларусі: «За мной нічога няма, хто мне што можа прыпісаць?» Я яму адказваў, што могуць «прыпісаць» тваё прозьвішча. Так і атрымалася. Тыдні два таму прыходзілі да жонкі, паведамілі ёй, што я знаходжуся ў вышуку, што ў адносінах да мяне заведзена некалькі крымінальных справаў. Якіх, ня сталі тлумачыць. Тады ж спыталі і пра сына — дзе ён і што. Магчыма, зараз бы я разглядаў гэта як намёк на тое, што трэба чакаць такіх «гасьцей».

— У кастрычніку 2011 году на сайце Свабоды быў апублікаваны тэкст Арцёма Лябедзькі пра вас. Вы ўжо выйшлі з турмы КДБ, у засьценках якой правялі 108 дзён. Я хачу працытаваць невялікі фрагмэнт: «Калі бацьку ўпершыню пасадзілі ў турму, мне было гадоў дзесяць. І тады я проста плакаў — ад адчаю, ад крыўды. Але за гэтыя гады мы ўсе зрабіліся мацнейшымі. У нас не прынята дэманстраваць свае сьлёзы ў прысутнасьці іншых, калі гавораць пра палітычныя праблемы... Я ведаў, што бацька ніколі не прадасьць свае прынцыпы і перакананьні. Але мне хацелася, каб у гэтым як мага хутчэй пераканаліся і тыя, хто кінуў яго за краты. Яму помсьцілі». Гэты былі шчырыя пачуцьці сына. Што цяпер адчуваеце вы?

— Цяжка даюцца мне сёньня словы і сказы. Ноч была няпростая для мяне. Фэйсбук падказаў, што 11 гадоў таму я гэтую ноч правёў у ІЧУ ў Воршы... І як ніколі я хацеў бы гэтую ноч быць на месцы сына ў Кастрычніцкім РУУС. Ніколі ня думаў, што будзе такое жаданьне сьвядома аказацца ў вязьніцы.

Сёньня дзясяткі тысячаў людзей у сытуацыі, у якой апынулася наша сямʼя. Гэта выпрабаваньне для ўсіх нас, якое мы мусім прайсьці. Але тут ня можа быць кампрамісу з сваімі поглядамі, з тым, у што ты верыш. Калі я выйшаў з «амэрыканкі», мой бацька, чалавек крыху закрыты, які ня любіць шмат і гучна гаварыць, абняў мяне і сказаў: «Сын, я не сумняваўся, што ты паступіш менавіта так. І я ганаруся табой». Я перакананы, што прыйдзе час, я абдыму свайго сына і скажу яму тое самае: «Сын, я табой ганаруся».

Якую параду Лябедзька даў Ціханоўскаму

— Я не змагу пералічыць колькасьць вашых затрыманьняў і адседак амаль за 30 гадоў. Найбольш цяжкімі былі 108 дзён у турме КДБ, куды вас кінулі пасьля выбараў 2010 году. І вы напісалі кнігу «108 дзён і начэй у засьценках КДБ» на аснове турэмнага дзёньніка, яна выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Вельмі важная частка кнігі — пра тое, як выжываць і трымацца за кратамі. Што б вы цяпер сказалі, параілі сыну, калі б Арцём мог вас чуць?

— Мне падаецца, што кніга, якую вымушаны быў напісаць у «амэрыканцы», атрымалася, бо гэта было штодзённае апісаньне таго, што адбывалася са мной, унутры мяне, вакол мяне. Яна атрымалася люстэркавай, гэта адбітак таго часу. Перад тым як Ціханоўскі пайшоў у палітыку, ён папрасіў, каб я даў яму параду. Я, усьміхаючыся, сказаў, што першае, што табе трэба, — пачытаць гэтую кнігу. Потым ён мне сказаў, што думае, што ня вытрымае. Але час паказвае, што Сяргей з годнасьцю вытрымаў. Лепш быць падрыхтаваным маральна, псыхалягічна... Калі ёсьць магчымасьць, пачытайце ня толькі маю кнігу, але і тое, што напісаў пра турму Аліневіч, той жа Фядута, Някляеў, Бяляцкі. Гэта важна.

«Ідзе сапраўдная вайна з жанчынамі, дзецьмі, старымі, з усімі»

— За кратамі знаходзяцца муж Сьвятланы Ціханоўскай, стрыечны брат Паўла Латушкі, сын Віктара Бабарыкі. Раней кідалі за краты дзяцей Міхаіла Чыгіра. Празь дзяцей улады спрабавалі помсьціць і дасягаць пастаўленых задачаў. У выпадку з вамі — што зьменіцца пасьля затрыманьня Арцёма для вас у вашай дзейнасьці?

— Я не магу сябе зьмяніць. У мяне ня той узрост, я ня з той гліны зроблены, зь нечага крохкага. Я не плястылінавы па характары. Не мяняў бы сябе ні цяпер, ні 10 гадоў таму. Я застаюся такі, як ёсьць. Альбо проста замовіць сабе труну, легчы і чакаць нечага. Я буду працаваць. Я дакладна не тэрарыст, не экстрэміст, я чалавек зь вялікім досьведам парлямэнцкай працы, з жыцьцёвым досьведам, я ведаю, як зрабіць Беларусь лепшай. І гэта ня ў лёзунгах, а ў рэальнасьці... Мы з паплечнікамі ствараем бачаньне новай Беларусі. За што мне помсьціць? За праект Канстытуцыі новай Беларусі? За тое, што ён адкрывае новыя магчымасьці для 9 мільёнаў людзей?..

Зараз ідзе сапраўдная вайна з жанчынамі, дзецьмі, старымі, з усім. Гэта вайна за тое, каб пасінелымі пальцамі ўтрымацца каля ўлады. Вайна ня толькі па лініі фронту ва Ўкраіне праходзіць, яна праходзіць па ўсёй Беларусі. Мы хто бліжэй да лініі фронту, хто далей, але ўсе там, нават тыя, хто лічыць, што мая хата з краю. Яны не разумеюць, што заўтра твая хата акажацца на перадавой.

«Як бы ты ні хацеў, нянавісьць запаўняе»

— Тое, што адчуваеце вы, у розны час адчувалі, адчуваюць тысячы беларусаў, у якіх сядзяць сямейнікі. А якая мае быць расплата, пакараньне для тых, хто чыніць рэпрэсіі?

— Гэта будзе няпросты час. Мы ўсе жывыя людзі. Як бы ты ні хацеў, нянавісьць запаўняе нас. Яны прысутнічае. Калі гэтая цемра сыдзе, як паступіць? Гэта будзе выклікам для ўсіх нас. Спадзяюся, годна выйдзем з гэтай сытуацыі. На сьвяткаваньні 105-й гадавіны БНР да мяне падыходзіў Андрэй Павук і пытаўся, ці гатовы я ўзяць зброю ў рукі. Я сказаў, што гатовы, калі нешта будзе абсалютна надзвычайнае ў Беларусі, я гатовы абараняць краіну, сваю сямʼю, нягледзячы на тое, колькі мне гадоў.

Але на другое яго пытаньне, ці гатовы я ўдзельнічаць у расстрэльнай камандзе і кагосьці расстрэльваць, я адказаў «не». Дакладна не. Спадзяюся, што ў нас будзе наш трыбунал, наш Нюрнбэрг, наша Гаага. Але гэта будзе ўсё цывілізавана. Як толькі мы паддадзімся эмоцыям нянавісьці і помсьце, то гэта будзе дрэнны пераход.

— Ці варта помсьціць дзецям тых, хто чыніць рэпрэсіі, хто дае загады на рэпрэсіі?

— Сёньня, як ніколі, вельмі актуальны выбар — альбо «русский мир» альбо эўраатлянтычная пэрспэктыва, эўрапейскі выбар для нас. Я гучна агітую за эўраатлянтычную пэрспэктыву. Гэта іншы падыход і іншыя стандарты. Абавязкова, каб усе, хто зьдзейсьніў злачынствы, панесьлі пакараньне. Але гэта павінны быць цывілізаваныя працэдуры. Ня кідаць чалавека за краты праз тое, што ён носіць тое самае прозьвішча. Мы не такія, як Лукашэнка, не такія, як Карпянковы і Азаронкі. У гэтым ёсьць пэрспэктыва для Беларусі, у гэтым мы адрозьніваемся ад іх.

  • Анатоль Лябедзька — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў. Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).
  • 18 гадоў быў старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі. За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці. Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 году ў Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. 6 красавіка 2011 году вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 23 жніўня 2011 году крымінальная справа супраць яго была спыненая. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
  • У траўні 2021 году Анатоля Лябедзьку арыштавалі на 30 сутак пасьля таго, як ён прыйшоў на паседжаньне суду па «справе студэнтаў». Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па артыкуле 24.23 КаАП. У ліпені сілавікі правялі ператрус у доме Лябедзькі, а ў кастрычніку яго затрымалі. Пазьней палітык зьехаў зь Беларусі. У студзені 2022 году супраць яго ў Беларусі завялі крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG