«Ня мог глядзець абыякава»
«Калі мы яшчэ жылі ў Беларусі, то заўсёды перажывалі за мітынгі ў краіне, ніколі не былі ўбаку. У 2022 годзе, калі пачалася вайна, ніхто ня мог проста так глядзець на гэта, абыякава. Перажывалі, думалі, чым можам дапамагаць, знаходзячыся ў ЗША».
Юры Арашыдзэ і ягоная сям’я — вернікі-пратэстанты. Яшчэ да пачатку вайны да Юрыя прыехаў пастар Багдан з украінскага Дняпра. У яго была ампутацыя канцавін, неабходныя былі пратэзы. Юры вазіў Багдана ў шпіталь на апэрацыю, потым на працэдуры. Там яны і пасябравалі зь лекарам-пратэзістам з Украіны Якавам Градзінарам.
Менавіта з Градзінарам Юры Арашыдзэ ў траўні 2022 году заснаваў плятформу Protez Foundation, якая займаецца пратэзаваньнем украінскіх вайскоўцаў.
«У пачатку вайны я дапамагаў украінскім уцекачам зь ежай, шукаў для іх жытло. А потым зь Якавам у нас узьнікла ідэя, чаму мы ня можам рабіць пратэзаваньне прыкладна гэтак сама, як зрабілі пастару Багдану. Выклік быў вельмі вялікі, трэба было задзейнічаць улады, вывозіць людзей з Украіны ў ваенны час, прывозіць іх у ЗША, куды візу атрымаць ня так проста», — расказвае Юры.
«200 тысяч даляраў штомесяц»
Грошы, якія патрэбны на пратэзаваньне ўкраінцаў, Арашыдзэ называе «касьмічнымі». Ён прыводзіць прыклад, што цяпер у іх на лячэньні ёсьць хлопец Вадзім, у якога ампутаваныя абедзьве нагі. Яму паставілі збор сродкаў у памеры 40 тысяч даляраў, але гэта толькі частка, бо асобна будуць ісьці ступакі да пратэза, а таксама іншыя камплектныя часткі.
«Груба кажучы, сума складзе каля 50 тысяч даляраў. Цяпер у нас 12 пацыентаў. Штомесяц мы выдаткоўваем на апэрацыі да 200 тысяч даляраў. Мы працуем выключна на данаты, у нас няма дзяржаўнай дапамогі — ні ўкраінскай, ні амэрыканскай. У нас няма грантаў. За час працы фондаў, мы нават не прасілі ні ў кога грошай. Мы паказваем працу, робім яе на высокім узроўні. Людзі пра гэта чуюць, бачаць, чытаюць. Пра нас пішуць і ўкраінскія СМІ, і амэрыканскія. На мінулым тыдні пра нас пісала New York Times. Мы робім адкрыта сваю справу, і людзі нам за гэта данацяць», — расказвае Юры Арашыдзэ.
За няпоўны год працы ініцыятыва Protez Foundation дапамагала 57 салдатам, зрабіла 180 пратэзаў. Чаму пратэзаў больш, чым салдатаў? Бо ў многіх ампутавана некалькі канцавін, а некаторым робяць розныя віды пратэзаў.
«Калі мы ўзялі пацыента, то „робім“ яго цалкам. На сёньня мы найбольшая ў сьвеце пляцоўка па пратэзаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў. Цяпер у нас вялікі шпіталь у Амэрыцы, у Мінэсоце, а таксама мы адкрылі шпіталь па рэабілітацыі ва ўкраінскім горадзе Свалява ў Закарпацкай вобласьці, там спакойна, там горы, туды не прылятаюць ракеты, няма практычна сырэнаў».
«Сумневаў, ці вяртацца, няма»
Юры успамінае, што ад пачатку грошай на праект практычна не было, даводзілася і асабістыя закладаць, і прасіць дапамогі сяброў.
«Тры месяцы ў нас заняла падрыхтоўка дакумэнтаў з украінскім бокам — з офісам прэзыдэнта, міністрам аховы здароўя. Быў цяжкі пэрыяд. Цяпер мэханізм ужо працуе, нам давяраюць. Пытаньні вырашаюцца апэратыўна. З амэрыканскім урадам таксама было няпроста, бо візы было амаль нерэальна атрымаць. Дзярждэпартамэнт фактычна для нас распрацаваў адмысловую праграму, у якой мы цягам аднаго дня атрымлівалі дазвол. Першых групаў восем мы вазілі па аднаразовым дазволе. Цяпер жа мы робім амэрыканскія візы на 10 гадоў, каб салдаты маглі вярнуцца пры неабходнасьці на дадатковае лячэньне».
Пляцоўка Protez Foundation гарантуе вяртаньне ўкраінскіх вайскоўцаў дадому. Усе прыжджаюць у Штаты пад асабістую адказнасьць установы.
«Такіх сумневаў, вяртацца ці не, у іх няма. Мы за гэтым таксама жорстка сочым, таксама ў нас строгія правілы наконт алькаголю, наркотыкаў, нейкіх самавольных адлучэньнях. Тут пратэзаваньне, а не курорт», — кажа Арашыдзэ.
Ня толькі вайскоўцы, але і дзеці
Ня так даўно Юры вярнуўся з Украіны, дзе некалькі тыдняў займаўся пытаньнямі адкрыцьця шпіталя. Ён падзяліўся сваімі адчуваньнямі ад наведваньня Ўкраіны.
«Сумна, што расейцаў так змаглі адурманіць, што яны робяць такія вар’яцкія рэчы. Вельмі балюча глядзець, як там разбураюцца гарады, як зьнішчаюцца дамы, як пакутуюць людзі, як маладыя хлопцы гінуць. Гэта вельмі жорстка».
Protez Foundation дапамагае ня толькі салдатам, але і ўкраінскім дзецям. Цяпер на лячэньні ў ЗША знаходзяцца два хлопчыкі з Марыюпалю і Кіеўскай вобласьці, якія ў выніку выбуху снарадаў засталіся без канцавін.
«Нядаўна да нас напісала сям’я яшчэ аднаго хлопчыка з Марыюпалю, якому адарвала адну з ног, калі ён гуляў у футбол. Цяпер афармляем для яго дакумэнты. Глядзіш на на гэта ўсё і думаеш: якая матывацыя ў расейцаў, калі яны зьнішчаюць нашых дзяцей?»
Сочыць за палком імя Каліноўскага
Па словах Юрыя Арашыдзэ, каля 30-40% пацыентаў вяртаюцца служыць у шэрагі УСУ, ёсьць нават такія, хто адпраўляецца ваяваць на перадавую. Калі ў жаўнераў няма ніякіх пратэзаў, то апэрацыі робяцца бясплатна. Калі пратэзы маюцца, але людзі хочуць іх удасканаліць, то гэта робіцца за грошы, але нават таньней, чым тое магло б быць ва Ўкраіне.
«Гэта вельмі натхняе, што пасьля нашых апэрацый чалавек можа вярнуцца абараняць краіну. Астатнія вяртаюцца на працу, у сем’і, у звычайнае жыцьцё, водзяць машыны, нягледзячы на дзьве ампутацыі. Не заўсёды пазнаеш, што хлопец ідзе на пратэзе. Якаснае пратэзаваньне вяртае людзей у нармальнае жыцьцё — гэта сто працэнтаў», — кажа беларус.
Юры Арашыдзэ сочыць празь сяброў і за лёсам хлопцаў з палка Каліноўскага.
«Калі там будуць хлопцы з ампутацыямі, то мы без праблем ім дапаможам».