Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва «Права на абарону»: Міністэрства юстыцыі патрабуе ад адвакатаў паведамляць пра замежных кліентаў

Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Менская гарадзкая калегія адвакатаў апавясьціла сталічныя юрыдычныя кансультацыі пра неабходнасьць паведамляць аб усіх замежных кліентах, апрача грамадзян Расеі.

Створаны адвакатамі праект «Права на абарону» заявіў пра гэта, спасылаючыся на атрыманы дакумэнт. Паводле інфармацыі юрыстаў, патрабаваньне зыходзіць ад міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі і тычыцца фактаў звароту замежных грамадзян, якія «тэрытарыяльна знаходзяцца ў Беларусі».

У Міністэрства юстыцыі прадпісваецца перадаваць імя і прозьвішча, інфармацыю пра месца рэгістрацыі, а таксама кантактны тэлефон замежнай асобы, што «складае зьвесткі аб прыватным жыцьці кліента», адзначаюць юрысты.

«Адпаведна, распараджэньнем міністра парушаецца ня толькі міжнародна прыняты прынцып адвакацкай таямніцы, але яшчэ і права кліента на прыватнае жыцьцё», — гаворыцца ў паведамленьні.

У выніку, падкрэсьліваюць аўтары праекту, падрываецца давер паміж кліентам і адвакатам, а таксама «сам прэстыж адвакатуры».

Аляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што адвакатура павінна знаходзіцца пад кантролем і «дзейнічаць па законе, а не [на падставе] нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабод».

Якія-небудзь прычыны падобнага запыту або мэта і спосаб выкарыстаньня атрыманай інфармацыі ні міністрам, ні калегіяй адвакатаў не абазначаны.

XS
SM
MD
LG