Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У цябе ж бэчэбэшны артыкул!». Беларусаў, якія «засьвяціліся» на пратэстах-2020, не бяруць на працу


Дошка гонару ў адным з гарадоў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Дошка гонару ў адным з гарадоў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля пратэстаў 2020 году ў Беларусі не спыняюцца масавыя звальненьні «нядобранадзейных» працаўнікоў. Неляяльных да ўлады людзей шукаюць у сацыяльных сетках, правяраюць праз базы. Свабода пагутарыла з беларусамі, якія «засьвяціліся» ў 2020 годзе і цяпер ня могуць знайсьці працу.

Чытачы Свабоды расказваюць, што праз удзел у падзеях 2020 году, затрыманьні, суды і пратаколы цяпер маюць складанасьці з уладкаваньнем на працу.

«Я трапіў на „суткі“ за падпіскі, кшталту „экстрэмізм“. З КДБ патэлефанавалі потым майму працадаўцу і сказалі мяне звольніць. Сказалі, што я вораг дзяржавы. Ён быў заўпарціўся, але пасьля гутаркі зь імі пагадзіўся на маё звальненьне. Гэта была дзяржаўная праца», — расказвае Мікалай (імёны ўсіх герояў зьменены дзеля бясьпекі. — РС).

Суразмоўца дадае, што шукаў працу праз сайты вакансій, зьвяртаўся ў розныя арганізацыі і на прадпрыемствы. «Але мне на дзяржаўных прадпрыемствах адмовілі. Ды я разумею, што для іх вялікая рызыка браць мяне. Бо самі могуць падпасьці пад рэпрэсіі за гэта. Ня кожны хоча рызыкаваць пасадай», — кажа Мікалай.

Пасьля некалькіх месяцаў беспрацоўя ён уладкаваўся ў прыватную будаўнічую фірму. Але потым за яго зноў узяўся КДБ — выклікалі на допыт.

«Цяпер такая „фішка“, — гаворыць мужчына, — што ані ў міліцыі, ані ў КДБ не даюць на рукі ніякіх паперак — ні позваў, ні пратаколаў. Кіраўніцтва спыталася, чаму я ня быў на працы. Запатрабавалі пісаць тлумачальную. Я напісаў праўду, што быў у КДБ. Мне сказалі: „Па-нармальнаму табе лепш звольніцца“», — дадае Мікалай.

«Сказалі: «Дык у цябе ж бэчэбэшны артыкул!»

Максім жыве ў адным з абласных цэнтраў. 9 жніўня 2020 году ён быў у Менску ў сваіх справах і трапіў пад «хапун». Яго жорстка пабілі, кінулі на Акрэсьціна і арыштавалі на 12 дзён.

Праз тры дні Максіма, як і большасьць затрыманых пратэстоўцаў, адпусьцілі з ізалятару. Ён кажа, што ня ўдзельнічаў у пратэстах і трапіў пад затрыманьне выпадкова. Тым ня менш імя апынулася ў «нейкіх базах», і цяпер Максім мае праблемы з працаўладкаваньнем.

Малады чалавек кажа, што ня здолеў знайсьці працу нават кіроўцам.

«Знайшоў вакансію, прыйшоў туды, яны абяцалі мяне ўзяць. Потым праверылі па нейкай базе і кажуць: „Ты куды ўвогуле сунесься? У цябе ж бэчэбэшны артыкул!“», — расказаў Максім.

Урэшце ён уладкаваўся на завод грузчыкам. Кажа, што праца вельмі цяжкая, заробак — каля 400-500 рублёў за месяц.

«Узялі мяне, бо ніхто ня хоча ісьці сюды. Тут ужо не казалі нічога пра „бэчэбэ“. Бо тут няма каму папросту працаваць», — дадаў Максім.

Паводле ягоных словаў, на гэтым заводзе працаваў чалавек, які адбыў тэрмін за камэнтары ў «справе Зельцара». Пасьля тэрміну ён вярнуўся на завод, але ў працы яму адмовілі.

«За аднаго затрыманага адказваў увесь аддзел»

Кацярына расказала пра сытуацыю ў дзяржаўнай арганізацыі. Нядаўна там, па яе словах, затрымалі маладога супрацоўніка за «нейкія камэнтары ў інтэрнэце».

«І пачалі разьбірацца з усім аддзелам, дзе ён працаваў. Людзей пацягнулі ў міліцыю, правяралі тэлефоны, перапіскі, пагражалі, у тым ліку і начальніку аддзелу. Што, маўляў, ён такое тут разьвёў, ня бачыў „ворага“. Нават казалі, што гэты аддзел будзе расфармаваны. Але пакуль людзі працуюць, некаторыя атрымалі штраф. Адзін чалавек трапіў на „суткі“ і быў звольнены», — кажа Кацярына.

Пасьля затрыманьня супрацоўніка ў арганізацыю прыходзілі міліцыянты, дадае суразмоўца. Праводзілі «прафіляктычную гутарку».

«Казалі, каб не падпісваліся на дэструктыўныя тэлеграм-каналы, а таго няшчаснага, якога затрымалі, прыводзілі ў прыклад. Маўляў, і вам так будзе за падпіскі і камэнтары», — дадае жанчына.

Міхаіл расказаў, што ў ягонай сваячкі, маладой спэцыялісткі, пры прыёме на працу на завод пыталіся пра сваякоў за мяжой і стаўленьне да вайны ва Ўкраіне. А таксама ці ведае яна дзяржаўны гімн.

Раман нядаўна шукаў працу як кіроўца. Знайшоў у адной дзяржаўнай арганізацыі. Кажа, што прыём на працу расьцягнуўся на тры тыдні.

«Патрабавалі характарыстыку зь мінулага месца працы, потым яны пісалі запыты ў міліцыю, яшчэ некуды. Доўга правяралі па базах. Але як я нідзе не „засьвяціўся“ у 2020 годзе, то маю кандыдатуру ўзгаднілі», — дадаў суразмоўца.

Натальля днямі была вымушаная звольніцца. «На праўладных тэлеграм-каналах зьявіўся допіс пра мяне. Знайшлі нейкія недвухсэнсоўныя пасты ў сацыяльных сетках за 2020 год. Хоць я ўсё пачысьціла. Тым ня менш пасьля допісаў пра мяне ў праўладных тэлеграм-каналах мне давялося звольніцца са словамі ад кіраўніцтва, што «цяпер ты працы нідзе не знойдзеш», — падзялілася Натальля.

«На жаль, сёньня ў Беларусі ніякіх працоўных мэтадаў абараніць работніка не існуе»

Заснавальнік фонду BySol, былы сябра Рады незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак ведае пра выпадкі дыскрымінацыі беларусаў, якія «засьвяціліся» на пратэстах, пры прыёме на працу. Ён лічыць, што на сёньня ў Беларусі ніякіх юрыдычных, працоўных мэтадаў абараніць работнікаў не існуе. Незалежны прафсаюз РЭП улады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем, ягоных кіраўнікоў пакаралі вялікімі тэрмінамі зьняволеньня.

«Гэтая сытуацыя нагадвае савецкую сыстэму, калі ўсе мусілі працаваць. Але былі людзі „нядобранадзейныя“, якія маглі ўладкавацца толькі качагарамі ці грузчыкамі. Цяпер сытуацыя падобная, але і горшая. Бо ёсьць прыватны сэктар, але там баяцца браць такіх людзей на працу», — кажа Андрэй Стрыжак.

Ён лічыць, што такая сыстэма — адна са стратэгій выцісканьня патэнцыйна небясьпечных для рэжыму людзей з краіны. «Таму людзей звальняюць, дыскрымінуюць, перасьледуюць, нават да крымінальнага артыкулу. Гэта частка агульнай сыстэмы задушэньня іншадумства ў Беларусі», — упэўнены былы прафсаюзны дзеяч.

Андрэй Стрыжак мяркуе, што пакуль іншай магчымасьці абараніць сябе і годнасьць свайго жыцьця, апроч ад’езду за мяжу, няма.

«Прыклад — лекарка Мая Церакулава. Добра працавала па сваёй спэцыяльнасьці. Але яе звольнілі за грамадзянскую пазыцыю. Яна шукала працу літаральна паўсюды, прасілася на „хуткую“, дзе заўсёды патрэбныя людзі. Але ўсюды атрымала адмову. Таму выехала. Людзі пасьля турмы паводле палітычных артыкулаў таксама ня могуць уладкавацца на працу. Яны гаруюць і мусяць ехаць з краіны», — дадаў Андрэй Стрыжак.

Ён упэўнены, што нават чалавек, які ня мае дастатковай кваліфікацыі, знойдзе працу за мяжой. Людзям, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі, ён раіць зьвяртацца па кансультацыі ў фонд BySol у Telegram (@help_bysol).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG