Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крэдыт ужо не спатрэбіцца». Рэпрэсаванаму беларусу, якому пагражае параліч, за паўдня сабралі грошы на апэрацыю


Віталь Тысеў
Віталь Тысеў

Пасьля публікацыі Радыё Свабода пра збор грошай на апэрацыю Віталю Тысеву за паўдня сабралі амаль удвая больш сродкаў ад абвешчанай сумы. Без апэрацыі рэпрэсаванаму беларусу, які абвешчаны на радзіме ў вышук, пагражае параліч.

Апэрацыя, падчас якой 48-гадоваму беларусу плянуюць паставіць імплянт на ўвесь хрыбетнік, каштуе 81 281 злоты (больш за 17 тысяч эўра). Але сума збору на плятформе zrzutka.pl была ўдвая меншай — 35 000. На астатнюю суму Віталь плянаваў браць крэдыт. Выглядае, што цяпер пазычаць грошы ў банку не спатрэбіцца. На апэрацыю яму ўжо сабралі больш за 67 000 злотых (на момант публікацыі. – РС), а гэта звыш 190% ад плянаванага збору.

«Я хачу падзякаваць усім неабыякавым людзям. Вялікі ўсім вам дзякуй, бо надзеі, калі шчыра, у мяне ўжо ня было. Я ўжо апусьціў рукі. Да нас учора таксама зьвярнуўся фонд ByHelp, мы гаварылі з Аляксеем Лявончыкам. Ён паабяцаў закрыць усю суму, калі сабраных грошай ня хопіць», — сказаў Свабодзе Віталь Тысеў.

У выніку апэрацыю ўдасца правесьці раней, не чакаючы два месяцы, якія дактары ў Варшаве назвалі крайнім тэрмінам. Лекары гатовыя рабіць апэрацыю як мага хутка. Справа ў тым, што з кожным месяцам сума будзе павялічвацца.

Падчас зьняволеньня ў 2020 годзе ў жыхара Стоўпцаў Віталя Тысева пагоршылася хранічнае захворваньне — пералом хрыбетніка. Біцьцё і арышт у ізалятары справакавалі запаленьне. У яго пачаў разьвівацца агрэсіўны анкілязуючы спандыліт (аўтаімунная хвароба злучальнай тканкі), зрасьліся ўсе суставы хрыбетніка і розныя іншыя суставы. Пабоі ён проста пераляжаў, да лекараў не зьвяртаўся, бо баяўся, што гэта створыць клопаты для сям’і.

У Польшчы беларус атрымаў групу інваліднасьці, але вымушаны працаваць. Пасьля апэрацыі ён паўгода будзе вымушаны праляжаць у ложку, а працаваць ня зможа 2 гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG