Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая лекарка з Украіны дапамагае рэпрэсаванаму беларусу, якому пагражае параліч: «Мне казалі, навошта ён вам, ён жа беларус»


Віталь Тысеў
Віталь Тысеў

Падчас зьняволеньня ў 2020 годзе ў жыхара Стоўпцаў Віталя Тысева пагоршылася хранічнае захворваньне. Пасьля ўцёкаў зь Беларусі лекары дыягнаставалі ў яго сур’ёзную праблему. Калі за два месяцы Віталю ня зробяць апэрацыю, яго можа паралізаваць.

У Беларусі Тысеў у вышуку. На яго завялі крымінальную справу паводле «народнага артыкула» (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). 48-гадовы Віталь удзельнічаў у пратэстах у родных Стоўпцах.

Шмат гадоў таму ў Віталя была траўма хрыбетніка. Але яна дазваляла яму жыць і працаваць. Складанасьці пачаліся ў 2020 годзе, калі арышт у ізалятары справакаваў запаленьне. Пабоі ён проста пераляжаў, да лекараў не зьвяртаўся, бо баяўся, што гэта створыць клопаты для сям’і.

«Гэта быў як удар па старой траўме, якую, дарэчы, беларускія лекары не дыягнаставалі правільна. Толькі ў Польшчы я дазнаўся, што ў мяне была ня проста нейкая траўма, у мяне быў зламаны хрыбетнік», — расказвае Віталь.

У жніўні 2020 году Віталя затрымалі падчас пратэстаў і жорстка зьбілі. У яго пачаў разьвівацца агрэсіўны анкілязуючы спандыліт (аўтаімунная хвароба злучальнай тканкі), зрасьліся ўсе суставы хрыбетніка і розныя іншыя суставы.

У 2020 годзе ў Віталя пачаўся вялікі запаленчы працэс. Цяпер ён пакутуе ад моцных боляў. Дыягназ лекараў у Беларусі — остэахандроз — аказаўся памылковы. Але і ў Польшчы праблему выявілі не адразу. Спачатку палічылі, што ў Віталя проста крывая шыя.

Тым ня менш у Польшчы беларус атрымаў групу інваліднасьці. Але працаваць мусіць, бо не хапае сродкаў на жыцьцё. Працуе Віталь па сваёй спэцыяльнасьці, з мэталаканструкцыямі — ён токар-фрэзэроўшчык. Гэта толькі пагаршае сытуацыю са здароўем.

Віталь Тысеў
Віталь Тысеў

Каб арганізм далей мог функцыянаваць, трэба паставіць імплянт на ўвесь хрыбетнік. Польскія лекары гатовыя зрабіць Віталю такую апэрацыю ў адной з варшаўскіх клінік. Але яго страхоўка такую працэдуру не пакрывае.

«Рахунак мне выставілі на 81 281 злотых (больш за 17 тысяч эўра). Гэта папярэдняя сума. Сказалі, што калі зацягнуць, то праз два месяцы можа быць паралізацыя. Сабраць такую суму я не магу, бо зарабляю 3000 злотых. Давядзецца браць крэдыт. Але праблема ў тым, што паўгода пасьля апэрацыі я буду ляжаць, а працаваць не змагу ўвогуле два гады», — працягвае Віталь.

Раней Віталю дапамог фонд BySol. Сабраную 1,7 тыс. эўра ён патраціў на дыягностыку. Быў варыянт зрабіць яе бясплатна, але чакаць у чарзе давялося б яшчэ цэлы год.

Віталём апякуецца і дапамагае яму былая вайсковая лекарка з Украіны Натальля. Яна таксама жыве ў Шчэціне, наймае пакой у той самай кватэры, дзе жывуць і Віталь з жонкай. Ва Ўкраіне Натальля была лекаркай вышэйшай катэгорыі, працавала намесьніцай загадчыка рэанімацыі. Дапамагаць Віталю стала для яе справай гонару.

«Ёсьць сымптомы, якія мяне моцна насьцярожваюць. Уначы ў яго ёсьць сымптаматычныя спыненьні сардэчнай дзейнасьці, якія пераходзяць у арытмію. У яго такі згіб пазваночніка, калі сьціснутае сэрца. Яго галава практычна ня рухаецца. Ёсьць праблемы з глытаньнем. То бок цяжкую ежу перажоўваць ён ня ў стане. У асноўным харчаваньне ідзе праз блэндэр. Атлянт (першы шыйны пазванок. — РС) у яго сьціснуты настолькі, што падціскае стрававод. З атлянтам цяпер вялікая праблема», — расказвае Натальля.

Стэроідныя і нестэроідныя прэпараты ўжо выпрабавалі, яны не працуюць, дадае Натальля. Арганізм Віталя хутка прывыкае да любога прэпарату.

«10 дзён, максымум месяц, і ён перастае дзейнічаць. Болевы сындром здымаецца максымальна на 2 гадзіны. Здараюцца правалы ў памяці», — кажа Натальля.

Зьбіраць ахвяраваньні на прыватны рахунак лічыцца ў Польшчы махлярствам. На дапамогу прыйшлі шчэцінскія беларусы, і збор пачаўся на рахунак арганізацыі «Чабор» праз польскую краўдфандынгавую плятформу Zrzutka.pl. Сабраныя сродкі пойдуць на аплату шпіталізацыі. Натальля плянуе пасьля апэрацыі забраць Віталя са шпіталя раней, каб даглядаць дома і так ашчадзіць грошы.

Вялікі кавалак свайго вольнага часу Натальля праводзіць зь Віталём ужо цяпер. Яна суправаджае яго на кансультацыях зь лекарамі. Нават працу шукала і знайшла непадалёк ад дому, каб пасьпець дабегчы за 10 хвілін, калі што здарыцца.

«Мяне зьдзіўляюць папрокі, чаму ўкраінка дапамагае беларусу. А я такое ўжо чула. Казалі мне, навошта ён вам, ён жа беларус. Мне гэта ніяк не замінае. У болю і дыягназу няма нацыянальнасьці. Я жыву па прынцыпе: „Рабі дабро і кідай у ваду“. Тым больш я вайсковы лекар. Я бачыла і страшнейшыя рэчы», — дадае жанчына.

Апэрацыя ў варшаўскай клініцы Carolina чакаецца напрыканцы красавіка. Сям’я Віталя і Натальля спадзяюцца сабраць хаця б частку сумы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG