Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадравыя перамены: генэрал-маёр ачоліў «Белмэдтэхніку», а звольненага са скандалам чыноўніка ўвялі ў абласную вэртыкаль


Аляксандар Лукашэнка правёў кадравыя ратацыі ў рэгіянальнай ўладзе і сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў
Аляксандар Лукашэнка правёў кадравыя ратацыі ў рэгіянальнай ўладзе і сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў

Папярэдні старшыня Берасьцейскага гарадзкога выканкама працаваў на пасадзе 9 гадоў.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Дзьмітрыя Петражыцкага першым намесьнікам старшыні Гомельскага аблвыканкама.

Гэтую пасаду, як адзначаецца на афіцыйным сайце Гомельскага аблвыканкама, да сёньня займаў Дзьмітры Козел. Яго прызначылі старшынёй Гомельскага райвыканкама.

Дзьмітры Петражыцкі да 2017 году працаваў кіраўніком камітэту сельскай гаспадаркі ў Гомельскім аблвыканкаме. Яго звольнілі з гэтай пасады са скандалам пасьля таго, як, сарваўшы тэрміны ўборкі лёну, ён прыцягнуў да сельгасработ каля 2 тысяч грамадзян — настаўнікаў, студэнтаў, а таксама работнікаў іншых арганізацый і прадпрыемстваў. Некаторыя зь іх вымушаныя былі працаваць у полі ў тым ліку і ў выходныя. Тады Лукашэнка заявіў, што лён трэба было ўбіраць раней і не прыцягваць для гэтага насельніцтва. У выніку ён патрабаваў пакараць вінаватых і перадаць матэрыялы ў пракуратуру. Але ў 2022 годзе Петражыцкі вярнуўся на гэтую пасаду.

Новым кіраўніком Берасьцейскага гарадзкога выканкаму стаў Сяргей Лабадзінскі. Да гэтага ён кіраваў справамі Берасьцейскага аблвыканкама. Ягоны папярэднік Аляксандар Рагачук працаваў на гэтай пасадзе з 2014 году. Сярод новых прызначэньняў прозьвішча Рагачука адсутнічае.

Генэральным дырэктарам ТАА «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яданьне ачоліў Ігар Сысой. Раней ён кіраваў іншымі па профілі прадпрыемствамі — Бабруйскім гарбарным камбінатам і Бабруйскім заводам ДВП.

Генэральным дырэктарам ТАА «Белшына» стаў Аляксандар Кавалёў. Да прызначэньня ён працаваў на гэтым прадпрыемстве намесьнікам галоўнага інжынэра.

Генэральным дырэктарам вытворча-гандлёвага прадпрыемства «Белмэдтэхніка» стаў Ігар Дземідзенка, які да 2022 году працаваў першым намесьнікам старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту. Лукашэнка звольніў яго ў запас па ўзросьце ў званьні генэрал-маёра. Ва Ўкраіне, пасьля расейскага ўварваньня ў лютым 2022 году, ініцыявалі ўвядзеньне супраць яго санкцый. Аднак пакуль у санкцыйныя сьпісы ён ня трапіў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG