Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгожын заявіў аб вяртаньні з вайны і памілаваньні 5 тысяч расейскіх вязьняў, завэрбаваных у ПВК «Вагнэр»


Яўген Прыгожын, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Яўген Прыгожын, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын заявіў, што з вайны ва Ўкраіне вярнуліся ўжо больш за пяць тысяч завэрбаваных зьняволеных, іх усіх памілавалі.

Паводле Прыгожына, толькі «0,31% учынілі паўторнае злачынства на працягу месяца» пасьля вяртаньня з зоны баявых дзеяньняў. Прыгожын сьцьвярджае, што гэты паказчык у 10-20 разоў меншы за стандартны.

«Злачыннасьць у Расеі мы зьнізілі ў 10 разоў, а падкавалі былых зьняволеных лепш, чым падкоўвалі піянэраў і акцябрат у савецкія часы», — гаворыцца ў камэнтары, апублікаваным прэс-службай уладальніка ПВК «Вагнэр».

«У асноўным тыя, хто зьдзяйсьняе злачынствы — [наносяць] калецтвы рознай ступені цяжкасьці тым людзям, якія запрагаюць за кіеўскі рэжым», — дадаў Прыгожын.

Ніякіх афіцыйных дадзеных, якія б пацьвярджалі словы заснавальніка ПВК «Вагнер», на момант напісаньня навіны не апублікавана.

  • ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае ваеннае падразьдзяленьне, байцы якога прымалі або прымаюць удзел у баявых дзеяньнях у Сырыі, Афрыцы і Ўкраіне. Кіраўнік ПВК «Вагнэр» — прадпрымальнік Яўген Прыгожын, вядомы сяброўствам з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым.
  • Па дадзеных выведкі ЗША, колькасьць групоўкі ПВК у зоне баёў з Украінай магла дасягнуць 50 тысяч чалавек, 90% з якіх — завэрбаваныя зьняволеныя.
  • У пачатку 2023 году Яўген Прыгожын паведаміў аб памілаваньні першай групы зьняволеных, якія былі завэрбаваныя на вайну ва Ўкраіне і завяршылі паўгадавую службу па кантракце. Пазьней стала вядома, што зьняволеных вызвалілі ад далейшага адбываньня пакараньня на падставе засакрэчаных указаў Уладзіміра Пуціна аб памілаваньні.
  • Журналісты і карыстальнікі сацсетак паведамлялі, што сярод памілаваных былі ў тым ліку і асуджаныя за цяжкія злачынствы, у тым ліку забойствы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG