Сам бізнэсовец сьцьвярджае, што на фота — загінуўшыя ва Ўкраіне байцы заснаванай ім «ПВК Вагнера». Па словах Прыгожына, усе адлюстраваныя на фота людзі загінулі за адзін дзень, 21 лютага, у баях пад горадам Бахмут. Ён абвінаваціў у іх сьмерці міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава.
«Гэта хлопцы, якія загінулі з прычыны так званага снараднага голаду, — растлумачыў Прыгожын. — Вінаватыя ў гэтым тыя, хто павінны былі вырашыць пытаньне аб забесьпячэньні нас дастатковай колькасьцю боепрыпасаў. Фінальны подпіс павінен ставіцца альбо Герасімавым, альбо Шайгу. Ніводзін з іх не хоча прымаць рашэньне».
У якасьці доказу сваіх слоў Прыгожын апублікаваў заяўку з запытам неабходных боепрыпасаў на імя Валерыя Герасімава. «Неабходна 105 тысяч, а даюць 3 тысячы 600», — растлумачыў Прыгожын, назваўшы кіраўніцтва расейскай арміі «абарзелымі грамадзянамі».
У апошнія месяцы заснавальнік і спонсар «ПВК Вагнэра», блізкі да Уладзіміра Пуціна бізнэсовец Яўген Прыгожын, неаднаразова публічна крытыкаваў Мінабароны Расеі — у прыватнасьці за няслушную, на ягоную думку, тактыку вядзеньня вайны ва Ўкраіне і за адмовы выдаваць снарады яго байцам. На мінулым тыдні Прыгожын заявіў, што міністэрства хоча «зьнішчыць» «ПВК Вагнэра».
У ваенным ведамстве РФ доўга не камэнтавалі заявы Прыгожына, але напярэдадні выступілі са сьцьвярджэньнем, што " усе заяўкі на падачу боепрыпасаў для штурмавых падразьдзяленьняў выконваюцца ў найкарацейшыя тэрміны«, а словы аб іх недахопе зьяўляюцца «экзальтаванымі», «уносяць раскол» паміж падразьдзяленьнямі расейскай групоўкі ва Ўкраіне і «на карысьць ворагу». Прыгожын у адказ абвінаваціў Мінабароны ў хлусьні.
Шэраг карыстальнікаў тэлеграм-каналаў, якія падтрымліваюць вайну, у тым ліку некаторыя так званыя ваенкоры, у сераду паспрабавалі зладзіць сеткавы флэшмоб пад лёзунгам прадастаўленьня «ПВК Вагнэра» снарадаў. Мноства такіх аднатыпных камэнтароў зьявілася таксама ў трансьляцыі канцэрта ў Лужніках з удзелам Уладзіміра Пуціна.
- Прыватная ваенная кампанія «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае ваеннае падразьдзяленьне, якое прымае ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Байцоў кампаніі абвінавачваюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў, у тым ліку — у пазасудовых пакараньнях.
- Летам мінулага года, пасьля некалькіх ваенных паражэньняў расейскай арміі на тэрыторыі Украіны, «ЧВК Вагнэра» і асабіста Яўген Прыгожын пачалі вэрбаваць у свае шэрагі расейскіх зьняволеных і адпраўляць іх на вайну. Асуджаныя, якія згаджаюцца прыняць удзел у баявых дзеяньнях, павінны паўгады прабыць на перадавой, ім пад пагрозай расстрэлу забаронена адыходзіць і здавацца ў палон. Тым, хто праз паўгода застануцца жывымі, абяцаюць выхад на свабоду. Такім чынам у ПВК завэрбавалі дзясяткі тысяч байцоў. Аднак нядаўна СМІ паведамілі, што набор зьняволеных у «ПВК Вагнэра» спынены. Па дадзеных некаторых крыніц, зараз гэтым зоймецца Мінабароны.
- Афіцыйна, паводле расейскіх законаў, «ПВК Вагнэра» не існуе. У зводках Мінабароны атрады наймітаў гэтай структуры называюць «штурмавымі атрадамі добраахвотнікаў».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.