Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарунак на Дзень Волі. Новае выданьне «Імёнаў Свабоды» Ўладзімера Арлова


У 105-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Свабода прэзэнтуе пятае выданьне зборніка эсэ Ўладзімера Арлова пра выбітных беларусаў і беларусак. Цяпер у кнізе аб’ёмам 900 старонак артыкулы пра 410 постацяў беларускай гісторыі і сучаснасьці.

Чытаць «Імёны Свабоды» (PDF)

Гэта не дапаможнік у перайменаваньні беларускіх вуліцаў, плошчаў і гарадоў, хоць, безумоўна, гэтыя імёны заменяць на шыльдах прозьвішчы камуністычных вампіраў і імпэрскіх
пярэваратняў.

Гэта не храналягічны даведнік, хоць на «Свабодзе» ўпершыню разам паўсталі сотні постацяў з аўтарскага пантэону XVIII–XXI стагодзьдзяў (далёка ня ўсіх удалося зьмясьціць пад адной вокладкай). Гэта не манаграфія, хоць тут уводзіцца новая пэрыядызацыя нацыянальна-вызвольнага руху, распрацаваныя крытэры, зробленая клясыфікацыя.

Гэта не дакумэнтальна-архіўнае дасьледаваньне, хоць даты, месцы і падзеі вывераныя, а многія факты знойдзеныя й апублікаваныя ўпершыню.

Гэта не мастацкая проза і не гістарычная эсэістыка, хоць кожны разьдзел чытаецца як маланка і ўражвае як раман.

Гэта ня кніга мёртвых, хоць яе складаюць лёсы людзей, якіх ужо няма сярод жывых.

Гэта аўтарская энцыкляпэдыя любові да радзімы, волі й незалежнасьці.

Гэта вянок нашай свабоды.

Аляксандар Лукашук, бібліятэкар Свабоды

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG