Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падрыхтоўка да Дня Волі». У рэгіёнах адбываюцца масавыя затрыманьні, «прафіляктычныя гутаркі» і вобшукі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як стала вядома Свабодзе, напярэдадні 25 сакавіка ў розных рэгіёнах Беларусі сілавікі праяўляюць цікавасьць да былых палітвязьняў і ўдзельнікаў пратэстаў. Яны не хаваюць, што прычына цікавасьці зьвязаная з надыходзячым 105-годзьдзем абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

«Мне ў аддзеле міліцыі проста сказалі, што затрыманьні і вобшукі зьвязаныя з Днём Волі, які раней адзначаўся ў Беларусі 25 сакавіка. Сказалі, што „трусіць“ будуць усіх да 27 сакавіка, гэта дакладна», — расказаў Свабодзе жыхар аднаго з абласных цэнтраў, якога затрымалі міліцыянты.

Суразмоўца дадаў, што ў ягоным тэлефоне не знайшлі «дэструктыўных» падпісак, таму адпусьцілі. Але запатрабавалі запісаць у пастарунку відэа зь ягоным удзелам.

Па інфармацыі чытачоў Свабоды, «зачысткі» таксама прайшлі ў Мазыры і Рэчыцы. У Рэчыцы проста на працы затрымалі некалькі супрацоўнікаў мэтызнага заводу.

У Гомлі, як паведамляла раней Свабода, на тэрыторыі Заводу ліцьця і нармаляў затрымалі адразу 14 чалавек.

Жыхар Гомля паведаміў, што выклікі ў міліцыю і затрыманьні зьвязаныя з падзеямі 2020 году.

«Прыходзілі і да мяне, таксама і да іншых людзей, якія ў 2020 годзе адбывалі „суткі“ за пратэсты ці адбылі ўжо тэрміны ў калёніі. Я ў сьпісах „нядобранадзейных“, бо быў у 2020 годзе на „сутках“, таму праверылі тэлефон і правялі „прафіляктычную гутарку“, — расказаў жыхар Гомля.

Свабодзе таксама вядома, што пасьля 15 дзён арышту за „распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў“ ня выйшаў на волю адзін з затрыманых у Гомлі. Пэўна, яму прызначылі чарговыя „суткі“.

Таксама ў міліцыю выклікаюць тых, хто адбыў пакараньне па „палітычным“ артыкуле — за „абразу Лукашэнкі“, апаганьваньне дзяржаўных сымбаляў», «удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і паводле іншых артыкулаў.

«У міліцыі сказалі, што да 27 сакавіка мы, розныя „экстрэмісты“, усе тыя, хто на ўліку, мусім кожны дзень прыходзіць у аддзел на праверку. Сказалі, што гэта зьвязана з Днём Волі», — паведаміў Свабодзе адзін з былых палітычных зьняволеных.

22 сакавіка на тэлеграм-канале, зьвязаным з гомельскімі сілавікамі, зьявілася чарговае відэа з затрыманымі жыхарамі рэгіёну — Гомля, Мазыра, Калінкавічаў. На здымках відаць, як міліцыянты цягнуць па падлозе ў кватэры затрыманага чалавека. Астатнія затрыманыя на відэа расказваюць у асноўным, што «былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» каналы, «выказваў нэгатыўнае стаўленьне да супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў Расейскай Фэдэрацыі», «пісала, што трэба выходзіць на вуліцу і блякаваць рух транспарту». Адзін з затрыманых сказаў на камэру, што «трэба ўсім ісьці супраць бэчэбэшнікаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG