Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе назвалі пагадненьне паміж Косава і Сэрбіяй паваротным на шляху да нармалізацыі адносін


Прадстаўнік ЭЗ у замежнай палітыцы Жузэп Бурэль і Міраслаў Лайчак, спэцыяльны прадстаўнік ЭЗ па дыялёгу паміж Прышцінай і Бялградам. Охрыд, 18 сакавіка
Прадстаўнік ЭЗ у замежнай палітыцы Жузэп Бурэль і Міраслаў Лайчак, спэцыяльны прадстаўнік ЭЗ па дыялёгу паміж Прышцінай і Бялградам. Охрыд, 18 сакавіка

Пагадненьне прадугледжвае, што Бялград не прызнае Косава паводле міжнароднага права, але прыме да ведама яго дзяржаўнасьць і прызнае косаўскія пашпарты і мытныя дакумэнты.

Міраслаў Лайчак, спэцыяльны прадстаўнік ЭЗ па дыялёгу паміж Прышцінай і Бялградам, лічыць, што пагадненьне, дасягнутае ў мінулыя выхадныя паміж прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам і прэм’ер-міністрам Косава Альбінам Курці, зьяўляецца паваротным момантам у працэсе нармалізацыі адносін.

Цяпер абодва бакі павінны выканаць усе артыкулы пагадненьня на шляху да нармалізацыі адносін, сказаў Лайчак 21 сакавіка ў сумесным інтэрвію Радыё Свабода і «Эўраньюз Сэрбія».

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежнай палітыцы Жузэп Бурэль абʼявіў 18 сакавіка, што абодва бакі дасягнулі пагадненьня аб спосабах рэалізацыі пагадненьня, якое падтрымліваецца ЭЗ.

Бурэль зрабіў гэтую заяву пасьля перамоваў з Вучычам і Курці ў Охрыдзе, Паўночная Македонія, адзначыўшы, што выкананьне абавязаньняў з абодвух бакоў зьяўляецца папярэдняй умовай іх інтэграцыі ў ЭЗ.

Пагадненьне прадугледжвае, што Бялград не прызнае Косава паводле міжнароднага права, але прыме да ведама яго дзяржаўнасьць і прызнае косаўскія пашпарты і мытныя дакумэнты.

Спрэчкі Косава і Сэрбіі

Косава — былая сэрбская правінцыя з этнічнай альбанскай большасьцю. Нягледзячы на тое, што Косава абвясьціла незалежнасьць у 2008 годзе, Сэрбія па-ранейшаму лічыць яго сваёй тэрыторыяй.

Адным з камянёў спатыкненьня стала фармаваньне Супольнасьці муніцыпалітэтаў з сэрбскай большасьцю ў Косава.

Косава абавязана неадкладна пачаць рэалізацыю пагадненьня, якое датычыцца гэтай супольнасьці, сказаў Лайчак, а артыкул 4 пагадненьня абвяшчае, што Сэрбія ня будзе пярэчыць сяброўству Косава ў якой-небудзь міжнароднай арганізацыі.

Лайчак назваў пагадненьне «важнай вяхой», але прызнаў у інтэрвію, што ў ЭЗ быў больш амбіцыйны плян, які ўключаў падпісаньне пагадненьня і праекту дадатку з дакладнымі тэрмінамі і задачамі.

«Тут не сакрэт, што мы як пасярэднікі першапачаткова падрыхтавалі больш падрабязны дадатак па рэалізацыі з пасьлядоўнасьцю крокаў і дакладнымі тэрмінамі», — сказаў Лайчак.

Але лідэрам не ўдалося дамовіцца па кожным пункце, і Вучыч адмовіўся падпісваць дакумэнт, спаслаўшыся на канстытуцыйныя абмежаваньні, сказаў Лайчак.

«Пасьля некалькіх гадзін перамовааў бакам удалося дамовіцца аб 12 пунктах з 18, але што да астатніх шасьці, рознагалосьсяў пераадолець не ўдалося», — сказаў ён.

«Мы спрабавалі рознымі спосабамі пераадолець гэтыя рознагалосьсі, але было зразумела, што ў нас нічога не атрымаецца. Вось чаму мы прадставілі новы дадатак, які носіць больш агульны характар».

Урэшце яны дамовіліся, што дакумэнт будзе фармалізаваны заявай Бурэля. Гэта азначае, што ён зьяўляецца абавязковым, афіцыйным і фармальным, «і ўсе здагадкі аб тым, ці зьяўляецца ён сапраўдным і абавязковым, бессэнсоўныя», — сказаў Лайчак.

Лайчак паведаміў, што неўзабаве адбудзецца сустрэча галоўных перамоўнікаў Сэрбіі і Косава, каб пачаць работу ў рэалізацыі палажэньняў пагадненьня.

Лайчак выказаў аптымізм у адносінах да будучыні, заявіўшы, што на працягу апошніх некалькіх месяцаў перамовы былі сканцэнтраваны на пазытыўным парадку дня.

«Я сапраўды лічу, што з гэтым пагадненьнем, з новай плятформай і рэчамі, якія неабходна рабіць у каардынацыі з партнэрамі, мы павінны рухацца наперад, а не назад», — сказаў ён.

Але ён таксама падкрэсьліў, што ніводзін з бакоў не павінен рабіць ніякіх аднабаковых дзеяньняў, якія могуць дэстабілізаваць атмасфэру і працэс нармалізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG