У Севастопалі сэрыя выбухаў, марскі пасажырскі транспарт спыніўся

Севастопаль ноччу. Архіўнае фота
Севастопаль ноччу. Архіўнае фота

У акупаваным Расеяй Севастопалі каля 04:46 па мясцовым часе ў цэнтральнай частцы гораду прагрымеў моцны выбух, ад якога дрыжалі вокны.

Пра здарэньне перадае карэспандэнт праекту Радыё Свабода «Крым. Реалии».

Паводле яго, перад выбухам не было чуваць ні гуку ракеты, ні стрэлаў аўтаматычнай зброі.

Прарасейскі блогер Аляксандр Таліпаў паведаміў, што моцныя выбухі ў горадзе прагрымелі ў 4:36, потым у 4:46, затым каля 5:00 і ў 5:40. Паводле яго, на ўваходзе ў Севастопальскую бухту спрацавалі бонавыя загароды, у выніку чаго марскі бесьпілётнік быў нібыта спынены і зьнішчаны.

Пазьней расейская «Дырэкцыя па разьвіцьці дарожна-транспартнай інфраструктуры» Севастопаля паведаміла, што марскі пасажырскі транспарт прыпыніў працу.

Камэнтароў ад расейскіх акупацыйных уладаў Севастопаля і расейскіх вайскоўцаў пакуль няма.

Са жніўня 2022 года ў Крыме і Севастопалі гукі выбухаў можна пачуць практычна кожны дзень. Расейскія ўлады тлумачаць гэта абстрэлам «украінскіх бесьпілётнікаў» і «працай супрацьпаветранай абароны». Кіраўнік акупацыйнай улады Крыму Сяргей Аксёнаў назваў бесьпілётнікі «галоўнай пагрозай» для паўвострава.

У кастрычніку 2022 года на Крымскім (Керчанскім) мосьце прагрымеў выбух.

​
XS
SM
MD
LG