Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ігар Лосік адседзеў 1000 дзён без малой дачкі, яго трэба неадкладна вызваліць», — прэзыдэнт RFE/RL


Ігар Лосік
Ігар Лосік

«Я глыбока занепакоены інфармацыяй пра стан здароўя Ігара і жорсткае абыходжаньне зь ім у зьняволеньні. У мяне баліць сэрца за яго бацькоў, якія нават ня могуць наведаць свайго сына», — заявіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай.

«Ігар ужо адседзеў 1000 дзён без малой дачкі, і яго трэба неадкладна вызваліць», — заявіў Флай.

20 сакавіка праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што Ігар зрабіў спробу самагубства, знаходзячыся ў штрафным ізалятары, пасьля чаго яго накіравалі ў мэдсанчастку.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, інцыдэнт адбыўся 15 сакавіка ў Наваполацкай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму, дзе Ігар Лосік адбывае 15-гадовае пакараньне.

«Вясна» паведамляе, што Ігар пашкодзіў сябе, ужо быўшы ў ШЫЗА, дзе доўгі час трымаў галадоўку. Іншай крыніцы такой інфармацыі няма. Як вядома Свабодзе, адвакат апошні раз бачыў Ігара ў сярэдзіне лютага. Сустрэча, прызначаная на сакавік, не адбылася. Абаронцу, які прыехаў да Ігара ў калёнію, паведамілі, што той не напісаў своечасова заяву на сустрэчу са сваім адвакатам.

Паводле вэрсіі адміністрацыі калёніі, якая стала вядомая Свабодзе, на шыі Ігара Лосіка цяпер невялікая драпіна, рука таксама пашкоджана нязначна, яе перавязалі. У адміністрацыі таксама настойваюць, што «жыцьцю і здароўю зьняволенага нічога не пагражае», а Ігар Лосік цяпер знаходзіцца не ў мэдсанчастцы, а ў ШЫЗА.

На які тэрмін Ігара Лосіка зьмясьцілі ў штрафны ізалятар, невядома. У ШЫЗА зьняволеным забаронена пісаць лісты, таму, пакуль ня выйдзе, Ігар ня зможа напісаць бацькам.

У канцы сакавіка ў Ігара Лосіка павінна адбыцца доўгатэрміновае спатканьне зь імі працягласьцю суткі (звычайным зьняволеным спатканьне даюць на двое сутак, палітычным — удвая карацейшае). Да таго ж бацькі зьбіралі вялікую перадачу з харчам і асабістымі рэчамі вагой да 50 кг. Цяпер доўгатэрміновае спатканьне Ігара Лосіка з бацькамі могуць адмяніць.

21 сакавіка споўнілася роўна 1000 дзён, як Ігар за кратамі. У гэты ж дзень Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся задаволіць апэляцыйную скаргу жонкі Ігара Дар’і Лосік, яе двухгадовы прысуд пакінулі бязь зьменаў.

Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG