Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія «зялёныя» заклікалі UEFA выключыць Беларусь з Эўра-2024


Cустрэча камандаў Беларусі і Грузіі, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота
Cустрэча камандаў Беларусі і Грузіі, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота

Удзел Беларусі ў матчах чэмпіянату Эўропы па футболе, што пройдзе ў 2024 годзе ў Нямеччыне, недапушчальны, лічаць у нямецкай партыі «Саюз 90/Зялёныя».

Амаль паўсотні прадстаўнікоў гэтай палітычнай сілы зьвярнуліся ў Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (UEFA) з заклікам выключыць са спаборніцтва краіну, якая «падтрымлівае агрэсіўную вайну Расеі ва Ўкраіне».

Дэпутат Філіп Крэмэр заявіў, што футбольны саюз мусіць «заняць яскравую пазыцыю і паказаць дакладную лінію адносна таго, каму дазволена ўдзельнічаць, а каму не». Пры гэтым ён адзначыў, што прыезд гульцоў зь Беларусі ў Нямеччыну «малаімаверны з спартыўнага пункту гледжаньня».

На Эўра-2024 Беларусь знаходзіцца ў адборачнай групе I (разам з Андорай, Ізраілем, Косава, Румыніяй і Швайцарыяй). Першы матч у барацьбе за пуцёўку на чэмпіянат Эўропы з камандай Швайцарыі беларусы правядуць ужо 25 сакавіка ў Сэрбіі.

Адхіліць беларускую зборную ад адборачных матчаў гэтага чэмпіянату летась у верасьні запатрабавала ад УЭФА міністарка ўнутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фрэзэр.

Сёлета 15 сакавіка дэпутаты Эўрапарлямэнту накіравалі кіраўніку футбольнага саюзу Аляксандру Чаферыну ліст з патрабаваньнем нядопуску беларускай каманды да адборачных матчаў Эўра-2024. Яго падпісалі больш за 100 чалавек. Гэтае рашэньне, на іх думку, мусіць быць прынятае ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі.

Аналягічныя заклікі УЭФА накіравалі дэпутаты парлямэнту Швайцарыі, а таксама швайцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco.

Раней UEFA адхіліла Расею ад удзелу ва ўсіх сваіх спаборніцтвах праз вайну ва Ўкраіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG