Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шольц расказаў пра свае тэлефонныя размовы з Пуціным


Першая і адзіная сустрэча Шольца з Пуціным за 9 дзён да пачатку вайны.
Першая і адзіная сустрэча Шольца з Пуціным за 9 дзён да пачатку вайны.

Канцлер ФРГ Оляф Шольц падчас штогадовай сустрэчы з супрацоўнікамі выданьня Rheinische Post у Дусэльдорфе расказаў пра свае тэлефонныя перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Апошні раз Шольц і Пуцін стэлефаноўваліся ў сьнежні мінулага году. Па словах канцлера, «перамовы ўзгадняюцца з саюзьнікамі Нямеччыны, і потым выкрышталізоўваецца неабходнасьць чарговага абмену думкамі». Шольц растлумачыў: «Гэта ня тое, каб я пасылаў СМС і пытаўся, ці ня хочам мы зноў пагаварыць». Паводле яго слоў, для такіх мэт існуе спэцыяльнае тэлефоннае злучэньне.

Размовы, як правіла, доўжацца каля паўтары гадзіны. Па словах канцлера, часам лідэры размаўляюць на нямецкай мове, якой расейскі прэзыдэнт добра валодае з часу сваёй службы ў званьні афіцэра КДБ у ГДР. Часам Пуцін адмаўляецца ад перакладу на расейскую мову, бо ўжо зразумеў сказанае Шольцам. «Калі гэта пасуе», Пуцін гаворыць па-нямецку.

Шольц і Пуцін зьвяртаюцца адзін да аднаго на «вы» (францускі прэзыдэнт Эманюэль Макрон, напрыклад, з Пуціным на «ты»). Па словах Шольца, перамовы, нягледзячы на несупадзеньне пазыцый, вядуцца ў ветлівым стылі. Аднак канцлер падкрэсьліў, што падчас размоў «абсалютна ясна прагаворваюцца нашы надзвычай розныя пазыцыі ў адносінах да вайны ва Ўкраіне». Шольц зазначыў: «Я пастаянна выразна даю Пуціну зразумець, што толькі Расея нясе адказнасьць за вайну. Расея беспадстаўна напала на свайго суседа, каб захапіць сабе часткі Ўкраіны або ўсю краіну. Гэта фундамэнтальна парушае эўрапейскі сьветапарадак».

Канцлер ФРГ Оляф Шольц і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон імкнуцца падтрымліваць тэлефонны кантакт з Масквой. За гэта іх жорстка крытыкаваў Кіеў.

Раней Шольц заявіў, што «ў любым выпадку размовы неабходныя». Паводле яго слоў, Пуціну трэба пастаянна нагадваць пра думку Захаду наконт «злачыннай вайны Расеі супраць Украіны».

Шольц не сказаў, ці будзе ён падтрымліваць тэлефонны кантакт з Пуціным пасьля таго, як у дачыненьні да расейскага лідэра быў выдадзены ордэр Міжнароднага крымінальнага суду на арышт. Нямеччына прызнае юрысдыкцыю гэтага суду і, па словах міністра юстыцыі ФРГ, павінна будзе арыштаваць Пуціна, калі расейскі лідэр раптам апынецца на яе тэрыторыі.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG