Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі прайшла нефармальная сустрэча Пуціна і Сі


Старшыня КНР Сі Цзіньпін і прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, Масква, 20 сакавіка 2023
Старшыня КНР Сі Цзіньпін і прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, Масква, 20 сакавіка 2023

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін і кіраўнік КНР Сі Цзіньпін правялі нефармальную сустрэчу ў Крамлі.

У адкрытай частцы гутаркі Пуцін павіншаваў Сі зь перавыбраньнем на пасаду кіраўніка КНР. «За апошнія гады Кітай зрабіў калясальны рывок наперад у сваім разьвіцьці. Ва ўсім сьвеце гэта выклікае непадробную цікавасьць, і мы нават крыху вам зайздросьцім», — заявіў Пуцін.

Расейскі прэзыдэнт дадаў, што ўважліва вывучыў прапановы Пэкіну па ўрэгуляваньні вайны Расеі з Украінай. Па словах Пуціна, расейскія ўлады адкрытыя для перамоўнага працэсу.

Сі Цзіньпін заявіў, што ён абраў Расею ў якасьці першай краіны замежнага візыту пасьля пераабраньня на пасаду кіраўніка КНР. «Я ведаю, што ў наступным годзе ў вашай краіне адбудуцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Дзякуючы вашаму моцнаму кіраўніцтву за апошнія гады Расея дамаглася значных посьпехаў у справе дасягненьня вынікаў і працьвітаньня краіны. Упэўнены, што расейскі народ моцна вас падтрымае ў вашых добрых пачынаньнях», — заявіў Сі.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў удакладніў, што Сі Цзіньпін не казаў пра ўдзел Пуціна ў прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году. «Старшыня Сі выказаў упэўненасьць, што расейцы падтрымаюць Пуціна, і тут можна толькі падзяліць яго ўпэўненасьць», — сказаў Пяскоў.

Візыт Сі Цзіньпіна працягнецца тры дні — да 22 сакавіка. Афіцыйныя перамовы адбудуцца ў аўторак, 21 сакавіка. Яны пройдуць у вузкім і пашыраным складах.

Крэмль раней пацьвердзіў, што, апрача двухбаковых пытаньняў, Пуцін і Сі абмяркуюць кітайскі плян мірнага ўрэгуляваньня збройнага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай. Дакумэнт утрымлівае 12 пунктаў, сярод якіх спыненьне агню, пачатак мірных перамоваў, павага да сувэрэнітэту і спыненьне аднабаковых санкцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG